Былы Бранскі губернатар Мікалай Дзенін асуджаны на 4 гады
Расейскі інтэгратар Беларусі і Украіны ў культурную прастору Расейскай Федэрацыі асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. Былы Бранскі губернатар Мікалай Дзенін, адзін з натхняльнікаў і арганізатараў фестывалю “Дружбы народаў” ва ўкраінскай вёсцы Сянькоўка, што ва ўкраінска-беларуска-расейскім сумежжы, быў злоўлены на карупцыі.
Штогадовы фестываль “Дружбы народаў” праводзіўся непадалёк ад вёскі Сінькоўка, што ў Гараднянскім раёне Чарнігаўскай вобласці, ажно з 1969 года. Праўда, у тыя часы ён называўся “Дзень савецкай моладзі”. У 1975 годзе непадалёк Сінькоўкі быў пастаўлены бетонны помнік “Дружбы народаў”, прысвечаны яднанню РСФСР, УССР і БССР.
У 90-ыя гады фестываль быў перапрафіляваны на “сяброўства славянскіх народаў”, а з пачатку двухтысячных мерапрыемства набыло відавочна прапагандысцкія рысы “русского мира”, у якім немалую ролю адыгрывалі прывезеныя актывісты “Адзінай Расеі”, КПРФ і Расейскай Праваслаўнай Царквы.
Адзін з арганізатараў і ідэйных натхняльнікаў фэсту, старшыня Бранскай абласной адміністрацыі Мікалай Дзенін не прыхоўваў сваіх імперскіх упадабанняў і напалягаў, што адна з мэтаў фэсту – “інтэграцыя Украіны і Беларусі ў культурную прастору Расеі”.
У 2014 годзе Пуцін адхіліў бранскага губернатара ад улады. Па хуткім часе інтэгратар быў злоўлены на мухлярстве з бюджэтнымі грашыма ў асабліва буйных памерах. Суд ацаніў мухлярства прапагандыста “русского мира” ў 4 гады турмы.
Апошні фэст “Дружбы народаў” праводзіўся у Сінькоўцы ў 2013 годзе. Пасля анэксіі Крыма і пачатку фактычнай вайны на Усходзе Украіны фэст перастаў існаваць.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота lenta.ru
[manual_related_posts]