Чакаецца абмен палоннымі паміж ДНР і Кіевам



Самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка і Кіеў дамовіліся сёння перадаць адзін другому па 65 палонных. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ўдзень. Два дні таму ўкраінскі бок перадаў ДНР 31 чалавека, апалчэнцы перадалі Кіеву 37 вайскоўцаў.

У інтэрв’ю “5 каналу” кіраўнік Міністэрства абароны Украіны Валеры Геляцей адзначыў, што калі сілы АТА пачалі наступаць на Данецк і Луганск, Пуцін зразумеў, што прайграў вайну на Данбасе і вырашыў увесці войскі:

– Яшчэ крыху, і асноўныя цэнтры тэрарызму, тыя цэнтры, на якія ставіў Пуцін, былі б абясшкоджаны. На гэтым этапе Пуцін увёў свае войскі. І калі мяне пытаюць: што сталася пад Ілавайскам, я адкажу, што адбылося гора, бо мы страцілі шмат патрыётаў. Але разам з тым, я, як вайсковец, маю права сказаць – давайце ацэнім страты нашых праціўнікаў пад Ілавайскам. Гэтых страт болей.

Паводле міністра абароны, у баі пад Ілавайскам загінулі 107 украінскіх вайскоўцаў. Сілы АТА наступалі па ўсім фронце, практычна акружылі Луганск і Данецк, менавіта ў гэты час, паводле міністра, Пуцін пастанавіў увесці расейскія войскі. Гэты факт кардынальна змяніў маштаб аперацыі і сітуацыю на фронце.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 1tv.ru

[manual_related_posts]