„Чалавек з іншай дзяржавы, а так любіў Беларусь!”
На Беласточчыне развітваюцца з журналістам Уладзімірам Пацам, уласным карэспандэнтам Польскага Радыё ў Беларусі, дзе ён працаваў значную частку свайго жыцця, а пахаваць сябе прасіў на радзіме.

Ён меў шмат добрых знаёмых і сяброў сярод беларусаў. Адзін з іх, тэле- і радыёжурналіст Віталь Сямашка распавёў у размове з Радыё Рацыя пра сваё знаёмства і супрацу з Уладзімірам Пацам:
– Мы заўжды называлі яго Валодзька. І ён для мяне назаўжды застанецца Валодькам. Мы пазнаёміліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, у 90-х гадах, яшчэ да жнівеньскага путчу. І калі толькі першыя гурты людзей паехалі на “Басовішча”, мы там пазнаёміліся. Пасля ён прыехаў у Менск на радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная”, і мы некалькі вечароў праводзілі разам. Ён увайшоў у нашу рэдакцыю, пастаўляў тады інфармацыю на “Беларускую маладзёжную.
А пасля так атрымалася, што я стаў яго правадніком у Беларусі, а ён стаў маім правадніком у Польшчу і Варшаву. У Варшаву мы ўжо паехалі разам з Жанай Літвіной, мы паехалі да Ніны – кіраўніцы беларускай службы Польскага радыё. І там асабліва пасябравалі і пастаянна падтрымлівалі кантакт.
Ён быў вельмі кантактны чалавек, вельмі адданы беларускай справе, і ён заўжды цікавіўся ёй. І гэта для мяне, тады “саўковага” чалавека, было дзіўна, што чалавек з іншай дзяржавы, а так любіць Беларусь, беларускую мову, цікавіцца беларускай справай. Канешне, гэта ўсё стала зразумела, калі я пабываў на Беласточчыне. І калі ён пачаў працаваць на Польскае радыё, мы пачалі ўжо сустракацца пастаянна на прэсавых канферэнцыях.
Паводле Віталя Сямашкі, хто ведаў Уладзіміра Паца, „нашага Валодзьку”, павінны памятаць, каб ён працягваў жыць у нашых душах і нашых думках.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
