Польшча пакуль не аднаўляе працу памежнага перахода ў Кузніцы (абноўлена)



У ноч на аўторак групы мігрантаў спрабавалі прарвацца ў Польшчу, паведаміла на брыфінгу прэс-сакратар польскай памежнай аховы Анна Міхальска.

Фота: polsatnews.pl

– Учора такіх спроб было дзве. На памежных пастах ў Мельніку і Шудзялове. Абедзве гэтыя спробы суправаджаліся кіданнем камянёў і металічных труб у бок польскіх патрульных. Таксама мы бачылі людзей у форме, якія кідалі камяні ў бок польскіх афіцэраў і жаўнераў. Больш за 58 чалавек зайшлі на тэрыторыю Польшчы на ​​адлегласць некалькіх метраў. У гэтай групе было 52 іракца і шэсць туркаў. Іх усіх павялі да лініі мяжы.

У той жа час польскі бок не плануе аднаўляць працу аўтадарожнага памежнага пераходу ў Кузніцы на мяжы з Беларуссю:

– Грузавых аўтамабіляў вельмі шмат. Трэба памятаць, што на іх колькасць у чэргах на іншых пунктах уплывае тое, што памежны пункт у „Кузніцы” застаецца закрытым. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя. Зараз не маем інфармацыі, што ён будзе адкрыты ў бліжэйшыя дні.

Нагадаем, што 8 лістапада рэжым Лукашэнкі зладзіў маштабную правакацыю на польскай мяжы. Тысячы мігрантаў пад кантролем спецслужбаў Беларусі штурмавалі мяжу Польшчы. Польскі бок паведамляе, што ў Беларусі працягваюць знаходзяцца каля 10 тысяч мігрантаў.

* * *

30-га лістапада каля 2:30 на адрэзку мяжы недалёка ад населенага пункта Шудзялова група агрэсіўных мігрантаў спрабавала перасекчы мяжу з Беларусі ў Польшчу.

Яны кідалі ў бок польскіх памежнікаў і жаўнераў камяні, металічныя трубкі ды петарды. Спроба гвалтоўнага перасячэння мяжы была прадухіленая.