Чарговы этап агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня 2017»



Звыш пяці дзясяткаў народных калектываў з Падляшша сабраліся ў беластоцкай філармоніі. Тут прайшоў цэнтральны адбор Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня 2017», які ўжо дваццаць чацвёрты год запар ладзіць Беларускае грамадска-культурніцкае таварыства.

«Гэта вялікае свята беларускай песні. Яно сведчыць што беларуская культура была і ёсць прысутная на Падляшшы, ды з’яўляецца яго неад’емнай часткай», – кажа кіраўнік  Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Міхаіл Рыбакоў, госць мерапрыемства.

– Тут велізарны пласт і культуры, і спеваў, і энаграфічных здабыткаў. І гэта проста цуд нейкі захаваўся і дае магчымасць тут, у Польшчы, ведаць, што ёсць такая выдатная культура як беларуская, што ёсць карані беларускага народа, і што нам таксама ёсць чым ганарыцца. І гэта вялікая праца, якая робіцца беларусамі Падляшша, яе нічым нельга ацаніць, бо гэта ўсё ідзе ад душы, з каранёў тых людзей, якія тут пражываюць.

Пераможцаў сёлетняга Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня 2017» пазнаем ужо ў бліжэйшую пятніцу, 17 лютага, падчас урачыстага гала-канцэрта, які ўжо традыцыйна адбудзецца ў Падляшскай Оперы і Філармоніі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі