Чэргі фураў на ўезд у Беларусь дасягаюць 30 кіламетраў (абноўлена)



„Мы таксама людзі” – кажуць беларускія дальнабойнікі, якія чакаюць ужо некалькі дзён на ўезд у Беларусь. Чарга цягнецца амаль на трыццаць кіламетраў. Гэта вынік закрыцця польска-беларускага пераходу ў Кузьніцы на Падляшшы з-за міграцыйнага крызісу.

Паводле інфармацыі, змешчанай на сайце Польскай пагранічнай службы, прыблізны час чакання пачатку адпраўлення складае ажно 51 гадзіну.

– Трое сутак прыйдзецца стаяць, ні ў туалет схадзіць, ні цыгарэт купіць, прадукты заканчваюцца.

У гэтай сітуацыі беларускія кіроўцы фураў абвінавачваюць улады Беларусі, якія не шануюць сваіх грамадзян:

– Як бы свабодная краіна Беларусь. Тут нават за знаходжанне ў памежнай зоне, калі не маеш таго ж пропуску, ужо караюць цябе адміністрацыйным штрафам. Тое што высякаецца лес у памежнай зоне на тэрыторыі Беларусі, гэта дапушчальна толькі мігрантам. Просты беларускі чалавек быў бы даўно ўжо самі ведаеце дзе.

– Штосьці падобнае было ў 2011 годзе, калі быў выбух у метро. Тады таксама людзі былі вельмі незадаволеныя тым, што робіцца ў нашай краіне. Многія думалі, што гэта было зроблена адмыслова. І шмат людзей не прымаюць яго як прэзідэнта.

У сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы з аўторка прыпынены грузавы і пасажырскі рух у абодвух напрамках на аўтадарожным памежным пераходзе ў Кузьніцы (Падляшша). Падарожнікаў накіроўваюць на памежныя пераходы ў Цярэспалі (пасажырскі пераход), Кукурыкі / Карошчын (таварны пераход) або Баброўнікі (пасажырскі і таварны пераход).

* * *

Чэргі фураў дасягаюць 30 кіламетраў. Некалькі дзён чакаюць кіроўцы грузавікоў на ўезд у Беларусь. Чарга ў напрамку памежнага перахода ў Баброўніках з гадзіны на гадзіну пабольшваецца.

Кіроўцы фураў падкрэсліваюць, што такой цяжкай сітуацыі на мяжы ніколі не было:

– Ну, мы ўжо стаім амаль чатыры гадзіны без руху. Мой калега стаіць ужо двое сутак. І невядома яшчэ колькі прыйдзецца стаяць.

– Чарга з таго боку меншая. Можа з кіламетр ці два.

– Не ведаем, што будзе. Мо і гэтую мяжу закрыюць. Тады будзе ўвогуле сумна.

– Калі Кузніца не адкрыецца, то Баброўнікі пастаянна будуць. Я думаю, добра, калі за тыдзень ты мяжу пройдзеш туды і назад.

– Зразумелая сітуацыя і хто ва ўсім гэтым вінаваты.  Тут нічога не зробіш.

На дадзены момант пераход у Баброўніках з’яўляецца адзіным памежным пераходам, які абслугоўвае аўтамабільны грузавы рух. Суседні пераход у Кузьніцы Польшча закрыла 9 лістапада. Побач з гэтым пераходам, з беларускага боку, з панядзелка знаходзіцца некалькі сотняў мігрантаў, якія спрабуюць гвалтоўна перасекчы мяжу.

Беларускае Радыё Рацыя