Дальнабойнікі пачалі марш на Маскву
Дальнабойнікі з некалькіх рэгіёнаў Расіі, якія пратэстуюць супраць платы за праезд грузавікоў па федэральных трасах, пачалі марш на Маскву. Акцыю ў Маскве кіроўцы збіраюцца правесці 30 лістапада. А кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў паведаміў пра правядзенне 5 снежня мітынга ў падтрымку кіроўцаў.
У многіх рэгіёнах Расіі паліцыя затрымлівае дальнабойнікаў і арганізатараў акцый. Напрыклад, у Пецярбургу затрымалі Аляксандра Растаргуева, падставай для гэтага стаў неаплачаны травеньскі штраф. Напярэдадні да яго прыходзілі з ператрусамі.
Удзельнікі пішуць у сацсетках, што супрацоўнікі ДПС і АМАП перайшлі на ўзмоцненую працу, грузавыя аўтамабілі не прапускаюць і адпраўляюць назад, кіроўцам перакрываюць дарогі.
Аднаго з арганізатараў акцый у Ніжнім Ноўгарадзе затрымалі на пасту ДПС. Там сабраліся іншыя пратэстоўцы.
Дальнабойнікі Валагодскай вобласці паведамляюць, што паліцыя блакуе праезд на пастах і адпраўляе машыны на стаянку.
Некаторыя кіроўцы выязджаюць з рэгіёну на легкавых аўтамабілях.
Наша Ніва, паводле tvrain.ru