Дапамагаць тым, каму гэта патрэбна



У бліжэйшую пятніцу, 21 лютага, у Беластоку пройдзе вялікі дабрачынны баль, падчас якога будуць збіраць сродкі на дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі, найперш тым, якія ня могуць выходзіць з дома.

Мерапрыемства традыцыйна арганізуе фонд “Новая Воля”, якое займаецца дапамогай такім людзям. Як кажа віцэ-старшыня фонду, пробашч парафіі Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў Новай Волі айцец Яраслаў Шчэрбач, дапамагаць трэба найперш тым, хто жыве побач з намі:

– Кожны з нас не павінен праз сілу шукаць, каму ж гэта дапамагчы. Трэба паглядзець на свайго суседа, трэба часам паглядзець толькі за агароджу і пабачыш людзей, якія патрабуюць дапамогі. Для нас самае першае заданне – гэта правядзенне майстар-класаў па працатэрапіі. Гэта стацыянарныя заняткі, якімі на сённяшні дзень мы ахопліваем 32 асобы з чатырох нашых гмінаў: Міхалова, Гарадок, Нараўка і Заблудаў. Іх усіх мы прывозім на заняткі і адвозім назад дадому.

Таксама фонд займаецца асобамі, якія патрабуюць хатняй апекі, і найперш на іх патрэбы пойдуць сродкі, сабраныя падчас дабрачыннага балю. Нашае Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам гэтага мерапрыемства. Пры гэтым дапамагчы фонду “Новая Воля” ды яго падапечным можна на працягу ўсяго году, а таксама можна адлічыць 1% ад сваіх падаткаў.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Fot. Wojciech Oksztol (Kurier Poranny)