Дапаможам Украіне



Дабрачынная вечарына, усе сродкі ад якой пойдуць на патрэбы ўкраінскай арміі, адбылася ў Варшаве.  Арганізатар мерапрыемства –  Варшаўскі Еўрамайдан. Кульмінацыйнай часткай стаў канцэрт гурта “The Ukrainian Folk”.

Усе ўкраінскія вайсковыя батальёны, што ваююць на ўсходзе Украіны, атрымліваюць вельмі  моцную матэрыяльную дапамогу ад валанцёраў.

Cтаршыня Арганізацыйнага Камітэта Еўрамайдана ў Варшаве Наталля Панчанка распавяла пра тое, як варшаўскія ўкраінцы дапамагаюць сваім суайчыннікам на фронце:

–  На сённяшні дзень Варшаўскаму Еўрамайдану супольна з фондам “Адкрыты дыялог” атрымалася перадаць дапамогу на ўсход Украіны на суму больш за 500 тысяч злотых. Гэта грошы, на якія мы закупалі каскі і бронекамізэлькі. Але была яшчэ рэчавая дапамога – гэта 5 тон розных рэчаў (адзенне, прадметы асабістай гігіены, прадукты харчавання) для бежанцаў. Бо мы дапамагаем хлопцам, якія знаходзяцца ў войску, а таксама тым, хто вымушаны бегчы з тэрыторыі Украіны, якая ахоплена вайной, бежанцам, якія зараз пражываюць у Польшчы.

На вечарыне можна было сустрэць нямала беларусаў. Кастусь – адзін з тых, хто прыйшоў на мерапрыемства:

–    Перш за ўсё Украіна – бліжэйшы братэрскі народ для беларусаў. І апошнім часам мяне гэты народ вельмі натхняе. Мне вельмі падабаецца ўкраінская культура, украінская музыка. Ведаю шмат украінскіх гуртоў, але менавіта гэты пачуў упершыню. Вельмі цудоўна.

Падчас вечарыны былі ўзнагароджаны валанцёры, а таксама сталыя ўдзельнікі ўкраінскіх акцыяў у Варшаве ў час Рэвалюцыі Годнасці, у тым ліку беларусы, татары і палякі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота: Адам Завальня, Лешэк Кшыштаф Імельскі