Дарыюш Куць прадстаўляе кнігу „Нядоўгае жыццё”
„Нядоўгае жыццё” – такую назву мае кніга Дарыюша Куця, якая 1-га снежня пабачыла свет дзякуючы выдавецтву Znak. Кніга змяшчае 21 інтэрв’ю з бацькамі невылечна хворых дзяцей, падапечных беластоцкага дзіцячага хоспісу фонду „Дапамажы ім”.
„Гэтую кнігу, я напісаў, каб дапамагчы зразумець, што абазначае дазволіць свайму дзіцяці адысці, перастаць змагацца за ягонае далейшае жыццё ў пакутах ад цяжкіх хвароб”, – кажа аўтар кнігі доктар Дарыюш Куць:
– Гэта збор размоваў з бацькамі дзяцей, якія былі пад апекай беластоцкага дзіцячага хоспісу фонду „Дапамажы ім”. Гэтыя дзеці памёрлі ў хоспісе. Я вяртаюся, як лекар, да бацькоў праз год-два пасля таго, як яны перажылі сваю жалобу, калі гэтыя раны былі ўжо не такія балесныя. Для мяне было важна зразумець, якімі былі іх эмоцыі, якімі былі іх нялёгкія рашэнні.
15-га снежня а 18-й гадзіне адбудзецца анлайн сустрэча з Дарыюшам Куцем, аўтарам кнігі „Нядоўгае жыццё”. Дарыюш Куць лекар з беластоцкага дзіцячага хоспісу фонду „Дапамажы ім”.
Беларускае Радыё Рацыя
