Датацыі для добраахвотных пажарных дружын



Датацыі для падляшскіх добраахвотных пажарных дружын у памеры 400 тысяч злотых на новае выратавальнае абсталяванне ад Маршалкоўскай управы атрымалі 62 гміны Падляшскага ваяводства.

Грошы ў памеры ад трох да пяці тысяч злотых дазволяць купіць між іншым ахоўную вопратку ды выратавальнае абсталяванне. Некаторыя гміны выкарыстаюць грошы на дафінансаванне большых інвестыцый.

Старшыня пажарнай дружыны з  Новага Корніна Цэзары Мічэйка, падкрэслівае што гэтыя грошы невялікія ў параўнанні да бюджэту ўсіх гайнаўскіх пажарнікаў, але, калі справа тычыцца жыцця чалавека, важная кожная залатоўка.

— Мы хочам сабраць як мага больш датацыі, каб купіць новы рыштунак, бо сёння нямала гэтага ўсяго трэба. Калі мы выязджаем у выпадку пажару ці, як апошнім часам, навальніц, аварый таксама. У мінулым годзе мы вярнуліся ў Нацыянальную сістэму ратавання і пажаратушэння і гэта для нас вялікі гонар, але і новыя абавязкі.

Пажарнікі-добраахвотнікі часта прыязджаюць на месца здарэння хутчэй за сваіх калег прафесіяналаў, нярэдка ратуючы жыццё пацярпелым у выпадках. На тэрыторыі ваяводства дзейнічае каля 700 адзінак добраахвотнай пажарнай службы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара