Дэлегацыя Мінадукацыі Беларусі наведала Гайнаўку



Завершыўся візіт у Польшчу дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, якую ўзначаліла намесніца Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка. Мэтай візіту было пасяджэнне супольнай кансультацыйнай камісіі па пытаннях адукацыі польскай нацыянальнай меншасці ў Рэспубліцы Беларусь і беларускай нацыянальнай меншасці ў Рэспубліцы Польшча.

Чым гатовая дапамагчы Польшчы Беларусь, патлумачыла Раіса Сідарэнка:

– У першую чаргу гэта метадычная дапамога. У другую чаргу, безумоўна, удзел у нашых адукацыйных мерапрыемствах. Мы чакаем беларусаў замежжа на нашых алімпіядах, конкурсах, мерапрыемствах. Калі патрэбна нейкая іншая дапамога, мы будзем разглядаць усе магчымасці. Акцэнты, якія мы паставілі, гэта не проста адкрыццё класаў, гэта якасць адукацыі і ў Рэспубліцы Польшча, і ў Рэспубліцы Беларусь.

На Падляшшы існуе свая шматгадовая традыцыя вывучэння беларускай мовы ў школах, садках ды ліцэях. Складаюцца тут і падручнікі, якія пакуль не вельмі вядомыя і запатрабаваныя ў Беларусі, кажа намесніца міністра адукацыі:

– На жаль, мы не вельмі многа ведаем пра тыя падручнікі, метадычныя дапаможнікі, якія тут ёсць. У межах камісіі мы абмяркоўвалі гэтае пытанне таксама. Я лічу, што мы можам дапамагчы сваёй літаратурай. І нам цікава, якая літаратура ў Рэспубліцы Польша.

Наступны візіт у Польшчу дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі плануецца ў наступным годзе. Раіса Сідарэнка спадзяецца, што такія сустрэчы дапамогуць палепшыць якасць вывучэння беларускай мовы ў Польшчы і польскай – у Беларусі.

* * * 

Вельмі прыемна, што ў Польшы мы чуем беларускую мову, а нас разумеюць, калі мы размаўляем па-беларуску”, – выказалася намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка ў час наведвання беларускага ліцэя ў Гайнаўцы:

Нам вельмі прыемна, што тут, на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, ёсць людзі, якім цікава беларуская мова, культура, традыцыі. Вялікі вам дзякуй за тое, што помніце пра свае карані, пра беларускую мову. І я спадзяюся, што сённяшняе свята, сённяшні пікнік стане вялікім добрым будучым.

Наведванне ліцэя ёсць адным з мерапрыемстваў у рамках візіту ў Польшчу дэлегацыі Міністэрства адукацыі Беларусі. Кантакты з Беларуссю ў галіне адукацыі і вывучэння беларускай мовы не рэдкасць для Гайнаўкі і маюць станоўчы уплыў на развіццё беларускіх школ на Падляшшы, кажа настаўнік геаграфіі белліцэю і яго былы дырэктар Яўген Сачко:

Некалькі разоў у год прыязджаюць розныя дэлегацыі ў Гайнаўку. Гэта дэлегацыі з міністэрства ці вышэйшых устаноў Беларусі. І часта заглядае да нас амбасадар і генеральны консул. Матэрыяльную падтрымку, шмат дапаможнікаў у школе мы атрымалі ад амбасады і міністэрства. Але таксама ёсць важная падтрымка маральная: калі прыязджаюць прадстаўнікі Беларусі, то заўсёды ўсе гавораць на беларускай мове.

Раіса Сідарэнка падаравала Гайнаўцы новыя беларускія напрацоўкі ў навукова-метадычным забеспячэнні навучальнага працэсу і кнігі на беларускай мове.

Далей у праграме беларускай дэлегацыі наведванне гайнаўскага музея беларускай культуры і бельскага ліцэя.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі

[manual_related_posts]