Драўляны дом у цэнтры Беластока справакаваў канфлікт



Некаторыя жыхары настойвалі на яго захаванні, а жанчына, верагодна з габрэйскай грамады горада нават папрасіла перадаць дом у яе уласнасць і зрабіць там музей, ён знаходзіцца побач з мемарыялам у гонар герояў беластоцкага гета.

Аднак жыхары суседніх дамоў сабралі звыш 70 подпісаў за яго знос. Яны матывуюць свае просьбы тым, што ён стаіць усутыч да шматкватэрнага дома і засланяе сонца першаму паверху, а пад пад’езд дома не можа пад’ехаць ані хуткая дапамога, ані грузавы аўтамабіль у выпадку чыйго-небудзь пераезду. Акрамя таго, людзям не падабаецца, што з-за дома ў двары не зрабіць дзіцячай пляцоўкі.

Некаторыя кажуць пра тое, што на месцы дома самае месца паркоўцы, бо пакуль жыхары дома ставяць свае аўтамабілі ў суседніх дварах і на вуліцы Пралетарыяцкай, што знаходзіцца побач. Праўда, гэта спарадзіла канфлікт паміж жыхарамі, не ўсім падабаецца перспектыва займець побач паркінг і дыхаць газамі з машын. Урад Беластоку абвясціў пошук кампаніі, якая б занялася разборкай дома, але першая спроба аказалася няўдалай. Дом пакуль яшчэ на сваім месцы.

Раней горад заявіў, што дом патрабуе зносу, бо знаходзіцца ў кепскім тэхнічным стане і не падлягае далейшаму выкарыстанню.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток