Дзень адукацыі ў Польшчы



У Дзень адукацыі ў Польшчы таксама гучаць беларускія акцэнты. Прафесійнае свята настаўнікаў адзначылі 14 кастрычніка ў Праваслаўнай школе імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку.

 

Тут вучні сярод іншых прадметаў вывучаюць і беларускую мову. Яны віншавалі настаўнікаў, дэманстравалі свае таленты на сцэне – спявалі для настаўнікаў па-беларуску і паказвалі тэатральныя сцэнкі. Пра ўрачыстасці ў прыватнай пачатковай школе святых Кірыла і Мяфодзія распавядае настаўніца беларускай мовы Іаана Марко:

– Заўсёды стараюся, каб у маім нейкім мерапрыемстве ў школе быў беларускі акцэнт, і каб заўсёды гэта была песня або якое іншае выступленне. У гэтым годзе гэта такая тэатральная сцэнка, якую падрыхтавала Ніна Абрамюк. Вельмі добра вучні справіліся, бо ў нас не было шмат часу на тое, каб добра падрыхтавацца. Я бачу, што дзеці зрабілі ўсё, каб было як найлепш.

А з дзетак можа складзецца неўзабаве тэатральны калектыў, які будзе часцей выступаць на сцэне. Сярод юных артыстаў – Мікола Абрамюк з 6 «Б» класа школы імя Кірыла і Мяфодзія, які акурат выконваў ролю настаўніка:

– Глядзеў у серыялах, у фільмах як яны былі такія, можа, крыху сур’ёзныя, бабулю капіяваў вельмі і яшчэ некалькіх настаўнікаў з маёй школы. І гэта ўсё так зміксаваў.

На мерапрыемстве да Дня нацыянальнай адукацыі, які ў Польшчы адзначаюць 14 кастрычніка, у Праваслаўнай школе імя святых Кірыла і Мяфодзія настаўнікі таксама атрымалі ўзнагароды-дыпломы за сваю працу, а першакласнікі прайшлі абрад пасвячэння ў школьнае жыццё, так званае «ślubowanie».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя