Дзень памяці Чэслава Немэна



14 гадоў таму пайшоў з жыцця выдатны музыка Чэслаў Немэн. Ён быў адным з вядучых польскіх музыкаў ХХ стагоддзя. Самыя вядомыя творы – гэта „Сон пра Варшаву” і „Дзіўны гэты свет”.

Нарадзіўся будучы музыка ў Старых Васілішках у лютым 1939 года як Чэслаў Юліюш Выджыцкі, пазней узяў псеўданім Немэн.

Кажа дырэктар клуба-музея Чэслава Немэна Уладзімір Сінюта.

Калі я стаў загадчыкам гэтага музея, то Чэслаў Немэн у многім змяніў мяне, змяніў погляды да жыцця. Напрыклад, ён ніколі не саромеўся, што паходзіць з такога маленькага мястэчка. Калі ў яго пыталіся, адкуль ён родам, Чэслаў Немэн заўсёды адказваў: «Старыя Васілішкі». Калі ў яго пыталіся, хто для яго ёсць аўтарытэтам, узорам у жыцці, каго ён шануе, то ён адказваў: «Гэта мой бацька. Іншых аўтарытэтаў для мяне няма».

Чэслаў Немэн памёр 17 студзеня 2004 года ў Варшаве. Быў пахаваны на варшаўскіх Павонзках. У родным доме музыкі ў Старых Васілішках, што на Гарадзеншчыне, працуе клубмузей імя Чэслава Немэна, які штогод наведвае тысячы турыстаў з усяго свету.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара