Андрэй Хадановіч: У Беластоку сцёрліся межы паміж беларусамі



У Беластоцкім лялечным тэатры адбыўся фінал Дэкламатарскага конкурсу, які ўпершыню праводзіў Фонд «Тутака». Перад выступамі фіналістаў вядомы паэт Андрэй Хадановіч прачытаў лекцыю пра сучасную беларускую паэзію. Кажа Андрэй Хадановіч:

– Добра, што беластоцкія арганізацыі прыдумалі гэты конкурс дэкламатараў. Я ўзгадваю сваё дзяцінства, для мяне гэта было важна ў конкурсе паўдзельнічаць з нейкімі дэкламацыямі вершаў. Памятаю, як мы з калегамі Ніла Гілевіча і Уладзіміра Караткевіча чыталі ў свае 16 гадоў.

ц

Дэкламатарскі конкурс быў разлічаны для дзяцей і моладзі. У фінал трапілі 20 чалавек у трох узроставых катэгорыях. Андрэй Хадановіч адзначыў, што ў Беластоку склалася цікавае беларускае асяроддзе – як з мясцовых беларусаў, так і з прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

– Я быў прыемна ўзрушаны і расчулены, як нас жыццё – з аднаго боку эпідэмія, з другога палітыка, рэпрэсіі – падзяляюць, беларусы з’язджаюць, нас падзяляюць межы. А тут, у Беластоку, сцёрліся межы паміж беларусамі Падляшша і тымі, хто можа быць вымушана апынуўся тут. На адной сцэне выступалі беларусы з Беларусі і беларусы з Польшчы.

Журы вызначыла пераможцаў конкурсу, але і ўсе ўдзельнікі фіналу не засталіся без падарункаў. У фондзе «Тутака» вырашана праводзіць такі конкурс штогод і зрабіць яго міжнародным.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]