Дзень Волі ў Гайнаўцы (абноўлена)



Мясцовы Беларускі музей запоўнены людзьмі, якія святкуюць угодкі Дня Волі. Пра свой праект «Беларускі Беласток» расказаў супрацоўнік Беларускага Радыё Рацыя  Аляксей Трубкін, дэманстравалі таксама фільм Вольгі Дзяшук «Партрэт», вытворчасці тэлеканала «Белсат».

«Гэта сапраўднае беларускае свята Гайнаўскай зямлі», – кажуць ўдзельнікі мерапрыемстваў:

– Перадусім трэба паказаць, што мы, беларусы, і помнім, што ёсць такі дзень, і трэба яго святкаваць.

– Я прыехала з Бельска. Я першы раз на гэтым свяце. Вельмі важна, каб мы адзначалі гэты дзень.

– Дзень Волі вельмі важны ў гэтым годзе, асабліва з пункту гледжання пратэстаў, якія адбываюцца ў Беларусі.

– Мы проста адзначаем гэтае свята, бо гэта незалежнасць нашай Радзімы.

У рамках угодкаў Дня Волі праходзіць таксама канцэрт Віктара Шалкевіча.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * * 

Віктар Шалкевіч і прагляды дакументальных фільмаў. Адмыслова ў Гайнаўку завітае кінапраект CHRONOTOP.

Дзень волі ў Гайнаўцы на Падляшшы святкуецца другі раз. На ўрачыстасці з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, стварэння нацыянальнай дзяржавы, запрашае Музей і асяродак беларускай культуры, што на вуліцы 3 Мая.

“Адзначаць 25 сакавіка ў Гайнаўцы вырашылі пасля нацыяналістычных маршаў у гонар «выклятых жаўнераў» і розгаласу гэтых падзеяў у беларускім асяроддзі”, – кажа ініцыятар імпрэзы Хрыстафор Ангельчык:

Да гэтай думкі мяне падштурхнулі падзеі гайнаўскія, гэтыя маршы “выклятых жаўнераў” і спрэчкі польска-беларускай вакол іх. І першы, і другі маршы выклікалі шмат эмоцый, дыскусій, у тым ліку ў медыйнай прасторы і сацыяльных сетках. У мінулым годзе, калі адбыўся першы марш, мы думалі, што рабіць: выходзіць з антыпратэстам, або байкатаваць гэтае мерапрыемства нацыяналістаў. І я падумаў, і пазней гэта абмеркавалі тут з людзьмі ў Гайнаўцы, што давайце проста зробім святкаванне Дня Волі.

“Наша задача – паказаць разнастайнасць беларускай культуры”, – дадае Хрыстафор Ангельчык.

І таму ў рамках святкаванняў – прэм’ерныя паказы дакументальных фільмаў і дыскусіі; прэзентацыя праекта журналіста, супрацоўніка Беларускага Радыё Рацыя, Аляксея Трубкіна пад назвай «Беларускі Беласток» і канцэрт Віктара Шалкевіча.

Пачатак урачыстасці а 18-ай гадзіне. Аднак ужо ад 15-ай гадзіны – прэм’ерны паказ двух фільмаў (Танатос & Эрос і Хранатоп#375), якія сталі вынікам польска-беларускага кінапраекта CHRONOTOP.

Пасля паказу пройдзе сустрэча са стваральнікамі фільмаў, а таксама прэзентацыя і набор на майстар-класы па кіно, якія пройдуць на Падляшшы сёлета ў ліпені.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.