Дзень Волі ў Варшаве (абноўлена)



Урачыстым шэсцем беларусы Варшавы адзначылі Дзень Волі. Маніфестанты прайшліся цэнтральнымі вуліцамі Варшавы. Гаворыць удзельнік шэсця, супрацоўнік Цэнтру Беларускіх Студыяў Варшаўскага ўніверсітэту Ігар Кузьмініч:

– Улады дазваляюць нам, беларусам, на іх тэрыторыі адсвяткаваць. Паліцыя нас ахоўвае. Гэта файна. Зараз быў цудоўны мітынг ля помніка Касцюшку. Цяпер мы крочым вуліцамі Варшавы. Вельмі прыемна сустрэць сваіх знаёмых, блізкіх людзей, аднадумцаў. Такое ўражанне, што ты знаходзішся сярод сваіх.

Шэсце пачалося ля помніка Касцюшку, а завяршылася мітынгам ля падножжа помніка Адаму Міцкевічу. Гаворыць удзельнік Дня Волі ў Варшаве, студэнт з Беларусі:

– Уражвае. Вельмі прыемна, шо сабралася столькі патрыётаў, каб адсвяткаваць. І ніякіх правакацый няма. Гэта вельмі добра. Віншую ўсіх са святам. Жыве Беларусь!

Вітаўт Сіўчык, Рух Салідарнасці “Разам”:

– Сёлетняе свята – гэта надзвычайны дзень. Бо маем 100-ю гадавіну незалежнасці. Вялікі юбілей. Вельмі шмат нас сёння выйшла на вуліцы Варшавы.

Урачыстасць прайшла без надзвычайных здарэнняў. Па падліках арганізатараў і па дадзеных варшаўскай паліцыі, у шэсці прыняло ўдзел звыш 200 чалавек.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара