Дзве вялікія групы мігрантаў спрабавалі гвалтам трапіць у Польшчу



За апошнія тры дні зафіксаваныя рэкордныя спробы нелегальнага перасячэння польска-беларускай граніцы. У суботу – больш за 700 такіх спробаў, а за тры дні – амаль дзве тысячы. Затрыманыя 15 чалавек, якія дапамагалі нелегальна перасякаць граніцу – заявіла ў панядзелак прэс-сакратарка Памежнай аховы, падпаручнік Анна Міхальская. Акрамя таго, дзве вялікія групы мігрантаў спрабавалі сілай сфарсфіраваць граніцу. “Гэта вельмі складаныя для памежнікаў і вайскоўцаў падзеі. На відэа можна пабачыць, як на патруль націскае група з 90 чалавек, або як 130 чалавек фарсіруе тэхнічныя перашкоды і спрабуе сілай прарвацца ў Польшчу”, – распавяла прэс-сакратарка. Яна дадала, што гэтыя спробы ўдалося спыніць, дзякуючы хуткай рэакцыі ахоўнікаў граніцы.

На гэты момант у асяродках для іншаземцаў знаходзяцца 1 534 асобы. 19 чалавек у бальніцах, у тым ліку шасцёра дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ЕРА