Дзяржаўная праграма вакцынацыі ў Польшчы не збаўляе тэмпаў



Грамадзян Польшчы больш цікавіць пытанне, ці можна ўжываць алкаголь пасля праходжання вакцынацыі ад каронавіруса, чым тое, наколькі тая ці іншая вакцына эфектыўная. Пра гэта сведчыць статыстыка запытаў у пошукавай сістэме Google. Дзяржаўная праграма вакцынацыі ў Польшчы тым часам не збаўляе тэмпаў. У прыватнасці, у Беластоку штодзень у чэргах ад самай раніцы стаяць тысячы чалавек, паведамілі ў адным з беластоцкіх пунктаў вакцынацыі.

– І як шмат прыходзіць да вас людзей?

– Каля 2 тысячаў дакладна, можа і больш. Пасля атрымання вакцыны трэба пачакаць на калідоры 15 хвілін. Калі нешта будзе адбывацца трывожнага просьба звярнуцца да медыцынскага персаналу. Дома, калі будзе тэмпература, можна прыняць парацэтамол. Сертыфікат аб праходжанні вакцынацыі ў вас будзе пасля таго, як атрымаеце другую дозу вакцыны. Сертыфікат будзе ў інтэрнэце на старонцы пацыента. Інфармацыю пра дакладную гадзіну атрымання другой дозы вакцыны вы атрымаеце загадзя ў смс-паведамленні.

Па дадзеных Міністэрства здароўя Польшчы, па стане на раніцу 4 траўня ў краіне было выканана каля 11 мільёнаў 945 тысяч прышчэпак ад ковід 19. Поўнымі дозамі вакцыны, гэта значыць двума вытворчасці фірмаў Pfizer, AstraZenekа i Modernа і адной фірмы Johnson & Johnson, прышчэпленыя каля 2 мільёнаў 971 тысячы чалавек.

Нагадаем, што прышчапіцца ад каронавірусу нароўні з грамадзянамі Польшчы таксама могуць замежнікі, якія маюць карту сталага або часовага побыту ў Польшчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя