Экскурсія па яўрэйскіх мясцінах Саколкі



Сінагагальная плошча, перадваенныя камяніцы ці кіркут. Гэтыя месцы зведалі тыя, хто хацеў бліжэй пазнаць гісторыю яўрэйскай Саколкі. Музей Сакольскай зямлі зладзіў шпацыр па гарадку слядамі даўніх суседзяў.

На думку арганізатаркі Александры Плюты, сустрэча мела паказаць, што яўрэйская спадчына Саколкі, гэта супольны клопат яе цяперашніх жыхароў.

– Музей атрымаў цікавы экспанат. Гэта яўрэйская мацэва. Яна, відавочна, была скрадзена з могілак і выкарыстоўвалася ў гаспадрцы. Цяпер яна трапіла ў музей. З’явілася зноў ідэя ўпарадкавання яўрэйскіх могілак. Нам важна, каб жыхары Саколкі гэтым зацікавіліся. І таму чарговы раз агучылі гэтую ідэю.

На сустрэчы была таксама прысутная Эва Крыхняк, аўтарка кніжкі пра яўрэяў Беласточчыны. Першай кніжкі, якая адкрывае свет яўрэяў таго гарадка.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі