Эстонскія ваенныя пачалі службу на польска-беларускай мяжы



Каля 100 салдат і афіцэраў эстонскай арміі прыбыло ў Польшчу на падставе рашэння міністра абароны Эстоніі Кале Лаанета і па просьбе польскага боку.

Салдаты і афіцэр інжынерных войск Узброеных сіл Эстоніі пачалі службу на польска-беларускай мяжы, інфармуе вайсковы партал Defence24.pl. Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў, што задачай эстонцаў будзе рамантаванне памежных умацаванняў і ўтрымліванне ў адпаведным стане дарог і шляхоў уздоўж мяжы.

Каля 100 салдат і афіцэраў эстонскай арміі прыбыло ў Польшчу на падставе рашэння міністра абароны Эстоніі Кале Лаанета і па просьбе польскага боку. У склад атраду ўваходзяць, у прыватнасці, сапёры, у тым ліку рэзервісты, а таксама некалькі чалавек ваеннай паліцыі. Акрамя таго, эстонцы прывезлі з сабой дроны, пры дапамозе якіх вядзецца назіранне з паветра за беларуска-польскай мяжой.

Палякам у ахове і ўмацаванні мяжы дапамагае таксама рота брытанскіх ваеннаслужачых. Дапамогу запрапанавала таксама Чэхія – адпаведны ліст прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе накіраваў прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман. Прага гатовая накіраваць на польска-беларускую мяжу сваіх паліцэйскіх.

Польскае Радыё