Фестываль казак на Падляшшы
Чацвёрты раз у ліпені наша частка Падляшша зменіцца ў казачную краіну.
Паглядзім на Усход і Захад, на Поўнач і Поўдзень, у той бок, адкуль прыходзіць Сонца, і ў той – дзе хаваецца Месяц. Адкрыем выспы са шматлікімі скарбамі, наведаем Залюстроўе, праверым што скрывае Таямнічы Палісад. Акунёмся ў свет словаў, музыкі, вобразаў і колераў. З’явяцца аповесці і персанажы з далёкіх і блізкіх краін. Кожны – Малы і Вялікі знойдзе нешта для сябе, бо ў свеце казак шмат сцежак, закаморкаў і закуткоў, а ў кожным з іх чакаюць цуды і ўсё можа здарыцца. Будуць казкі расказаныя, спяваныя і граныя, прадстаўленыя і паказаныя, будуць казачныя касцюмы і чароўныя парады. Ладзім Фестываль па закліку сэрца, каб дзяліцца дзяцінствам з кожным, без увагі на ўзрост, каб развіваць фантазію ў наймалодшых і вяртаць радасць жыцця найстарэйшым. Хочам, каб Вялікія і Малыя выйшлі з ролі гледача і актыўна ўключыліся ў супольную прастору мастацтва, адпачынку, свабоднай гульні.
У кожным месцы Фестываль мае іншае казачнае адценне.
Белавежа (24-25 ліпеня) – Без Страху
Гайнаўка (26 ліпеня) – Таямнічы Палісад
Чаромха (27 ліпеня) – Па другім баку люстра
Драгічын над Бугам (28 ліпеня) – Выспа Скарбаў
Прайсці наш Казачны Шлях дапамогуць акторы, музыкі, артысты, лялечнікі, казачнікі з Польшчы, Беларусі, Украіны.
Казкі можна паслухаць, можна паглядзець, можна да іх дакрануцца, у казку можна ўвайсці, казку можна стварыць.