Фінансаванне беларускіх культурніцкіх арганізацый на Падляшшы істотна скарочана



Польшча на адну траціну зменшыла фінансаванне нацыянальных і этнічных меншасцяў. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі агучыла вынікі конкурсу для няўрадавых арганізацый на 2017 год, і па выніках многія культурныя мерапрыемствы беларусаў у Польшчы апынуліся пад пагрозай правядзення.

Прыканцы мінулага года на паседжанні супольнай камісіі польскага ўраду і нацыянальных меншасцяў быў прыняты праграмны дакумент, паводле якога Польшча ў 2017 годзе прызначыць столькі ж грошай на падтрымку меншасцяў, як і ў 2016. Замест абяцаных 16 мільёнаў меншасці атрымалі, насуперак пастановам камісіі, каля 10 мільёнаў, – кажа сябра камісіі, старшыня Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства Янка Сычэўскі.

– Міністэрства вырашыла такім чынам, каб зусім не браць пад увагу таго, што прадугледжвалася пастановай супольнай камісіі ўраду і нацыянальных меншасцяў. Мы проста паралізаваныя. Мы 21-га былі на сустрэчы ў міністэрстве на пасяджэнні супольнай камісіі і гаварылі аб гэтым усім намесніку міністра і прадстаўнікам дэпартамента. Яны адказу прамога не мелі. Тым больш шокавая сітуацыя была, бо побач камісіі існуе такая структура, якая з’яўляецца кансультатыўна-дарадчай структурай. Гэта спецыялісты, гэта прадстаўнікі розных нацыянальных меншасцяў, якія заўсёды выказваюць свае меркаванні і пры дапамозе якіх міністэрства бярэ пад увагу ўсе праекты, робяць селекцыі, класіфікацыі ўсяго і г.д. У гэтым годзе прадстаўніца камісіі паінфармавала, што ніякіх кансультацый не было, меркаванні гэтых спецыялістаў міністэрства не брала пад увагу, і яны нічога супольнага не мелі з распрацоўкай і падзелу фінансавых сродкаў на нацыянальныя меншасці.

Без фінансавання МУСіА Польшчы засталіся шматлікія беларускія музычныя фестывалі – “Сяброўская бяседа” ў Гарадку, беларускія фестывалі ў вёсках і мястэчках. Не атрымаў фінансавання і «Фонд царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы», які 14 гадоў праводзіў фестываль «Пэрэточэ» ў Белавежы, – кажа старшыня фонду Мікалай Бушка.

– Пасля 14 гадоў яго арганізацыі мы рыхтаваліся да сціплага юбілею. «Пэрэточэ» ў нашым рэгіёне – гэта мерапрыемства, якое найдаўней пачало ў рэгіёне прэзентаваць шматкультурнасць рэгіёна Белавежскай пушчы. Гэта мастацкая візітоўка культуры рэгіёну Белавежскай пушчы. У Белавежы мы презентуем культуры народаў, якія тут жывуць, для мясцовых жыхароў, а перадусім для шматлікіх турыстаў з усё Польшчы і з цэлага свету, якія сюды прыязджаюць. Мы памятаем, што тут найбольш пражываюць беларусы, і презентацыя культуры беларусаў у рамках «Пэрэточэ» побач з другімі культурамі народаў, якія тут жывуць, – гэта для нас была вельмі важная справа. Такі быў сэнс мерапрыемства. Мерапрыемства без прэзентацыі культуры беларусаў не асвятляе культуру рэгіёна, не паказвае спецыфіку рэгіёна. Мерапрыемства без прэзентацыі культуры беларусаў губляе сэнс. 

Адукацыйны праект, які з 2004 года рэалізавала Аб’яднаньне бацькоў ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку – АББА – таксама застаўся без падтрымкі. У такіх умовах нам не ўдасца правесці этнаграфічны летнік «Я нарадзіўся тут», – кажа намесніца старшыні АББЫ, настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк.

– Напэўна не зможам зрабіць гэты летнік. Дакладней, не зможам зрабіць у такіх месцах, у якіх планавалі. Бо гэта вялікія грошы. Да летніка крыху часу засталося, так што не такая праблема. Горшае, гэта нашыя танцы і група танцаў “Падляшскі вянок”, якая не так даўно пачала сваю дзейнасць. Дзеці за гэтыя пару месяцаў працы зрабілі шмат добрага: вывучылі танцы, пачалі з нуля, затое з вялікай ангажаванасці Аксаны Прус, якая гэтыя заняткі вядзе, вялікай ангажаванасці саміх дзетак і вялікай ангажаванасці бацькоў. Заняткі павінны пачацца пасля праваслаўных святаў у студзені. Гэта заняткі, якія праводзім два разы на тыдзень. На гэта не маем ні грошыка. Не ведаю, што з гэтым зрабіць.

Прадстаўнік Саюзу беларусаў у Польшчы ў супольнай камісіі польскага ўраду і меншасцяў Славамір Іванюк:

– Паводле міністра Хвалэка, гэта не канчатковае рашэнне, паколькі яшчэ засталося недзе 5 – 6 мільёнаў грошай з бюджэту, які прадбачыцца на наступны год. Так што ў будучым годзе думаем, што яшчэ пойдуць датацыі на меншасці і гэтыя мерапрыемствы, якія запланавалі меншасныя арганізацыі, адбудуцца пры дапамозе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Але пакуль маем толькі абяцанне са слоў міністра. Пабачым, як будзе выглядаць сапраўды бюджэт Польшчы, ці ён такі, як прадбачваецца, і тады меншасці недзе 15-16 мільёнаў злотых дастануць з міністэрства, ці гэты бюджэт будзе іншым.

Больш як на палову міністэрста скараціла таксама фінансаванне праграмаў, накіраваных на беларускую меншасць у Польшы, у эфіры нашага радыё. Замест леташніх 250 тысяч на будучы год міністэрства вылучыла толькі 120 тысяч злотых.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Матэрыял у гукавым фармаце: