Фонд Kamunikat.org аб’яўляе конкурс



Фонд Kamunikat.org запрашае школьнікаў прыняць удзел у конкурсе пад загалоўкам „Грамадска-палітычныя перамены ў Польшчы ды падляшскім рэгіёне ў васмідзясятыя гады XX ст. ва ўспамінах прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці”. Конкурс накіраваны на вучняў апошніх класаў пачатковых школаў, гімназістаў ды вучняў сярэдніх школаў. Мэта праекту – сабраць успаміны пра васмідзясятыя гады ды паказаць, як гэтыя падзеі бачылі беларусы, якія жывуць у Польшчы, расказвае Міхал Сцепанюк – каардынатар праекту.

– Гэты праект накіраваны на тое, каб маладыя людзі пацікавіліся 80-мі гадамі ў сваім атачэнні: ці гэта будзе сусед, ці жыхар той самай мясцовасці, ці будуць гэта бабуля ці дзядуля. Усё ж такі ў кожнага, пэўна, ёсць цікавая гісторыя, якую варта запісаць, варта пацікавіцца і паслаць да нас на конкурс.

Запісаныя ды надрукаваныя інтэрв’ю са сведкамі гісторыі можна дасылаць да канца кастрычніка. У 2019 годзе спаўняецца трыццатая гадавіна першых часткова свабодных выбараў у Польшчы. Палітычныя перамены 1989 года папярэдзілі шматлікія падзеі: узнікненне „Салідарнасці”, увядзенне ваеннага становішча, эканамічны крызіс васмідзясятых.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток