“Free Belarus Center” падсумаваў вынікі 2021-га году



Незалежная грамадская ініцыятыва “Free Belarus Center”, якая ва Украіне дапамагае беларусам, вымушаным пакінуць Радзіму, падвяла вынікі 2021-га году. Так, летась праз праекты аб’яднання прайшло больш за 1300 чалавек. “Але ўсё ж больш уражвае іншая лічба”, – прызнаецца каардынатар асветніцкіх праграм “Free Belarus Center” Мікола Рыбытва:

– Мяне найбольш здзіўляе колькасць люзей, якім мы аказалі прававую дапамогу. Гэта каля паўтысячы чалавек. Здзіўляе, бо агульная колькасць людзей, якія атрымалі від на пражыванне ва Украіне, больш за 4 300 беларусаў. 500 чалавек – гэта тыя, каму мы далі прававыя кансультацыі. То бок, мы – адная з арганізацый, да нас даходзяць відавочна не ўсе, нас знаходзяць відавочна не ўсе, але ж мы далі 500 кансультацый.

Акрамя таго, каманда цэнтра аказала гуманітарную падтрымку і дапамагла з часовым жытлом 380 беларусам ва Украіне. Каля 100 чалавек атрымалі кансультацыю псіхолага. Таксама 300 беларусаў, якія вымушана пакінулі Радзіму і апынуліся ва Украіне, Польшчы, Літве і Грузіі, прайшлі праз адукацыйныя праграмы, а 40 чалавек сталі ўдзельнікамі стыпендыяльнай праграмы. І на 2022-ы ў аб’яднання таксама вялікія планы.

Марына Савіцкая, Беларускае Радые Рацыя

Фота: facebook.com/FreeBelarusCenter