Гайнаўка далучылася да акцыі “Агульнанацыянальнае чытанне 2019”



Сёлета палякі ў рамках акцыі  “Агульнанацыянальнае чытанне” па ўсім свеце чытаюць разам: «Добрую пані» Элізы Ажэшкі, «Дым» Марыі Канапніцкай, «Шарманку» Баляслава Пруса, «Пахню» Уладзіслава Рэйманта, «Раздзяўбе нас груганнё» Стэфана Жаромскага, «Сахем» Генрыка Сянкевіча, «Саву» Хенрыка Жэвускага і навэлу Бруна Шульца «Мой бацька паступае ў пажарныя».

Менавіта з гэтай апошняй пачалося вялікае чытанне ў Гайнаўцы. Кажа дырэктарка Гарадской бібліятэкі ў Гайнаўцы Марыя Скварчыньска:

– Штогод прэзідэнцкая пара, пад патранатам якой адбываецца чарговае  “Агульнанацыянальнае чытанне”,  выбірае такіх аўтараў, каб палякі маглі ўзгадаць выбітныя творы. У гэтым годзе прапанаваныя восем навэл. Лічым, што гэта вельмі добры выбар.

Галоўным арганізатарам гэтага літаратурнага свята з’яўляецца Канцылярыя прэзідэнта Польшчы разам з Нацыянальным цэнтрам культуры. 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя