Гайнаўскі белліцэй развітаўся з былым ды прывітаў новага дырэктара



Новы навучальны год у Комплексе школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы адкрыў новы дырэктар Ігар Лукашук. На думку Лукашука, трэба нам абапірацца на моцных баках нашага асяроддзя:

– Галоўнае – знайсці тое, у чым нашы вучні могуць быць лепшымі за іншых у цэлай масе школ, скіроўваць іх развіццё на аснове гэтых жа натуральных уменняў, якія яны вынеслі з асяроддзя, у якім узрастаюць. Гэта, перадусім, двухмоўнасць асяроддзя і шматкультурнасць.

У час школьнай урачыстасці падзякавалі Яўгену Сачко, які 25 гадоў узначальваў навучальную ўстанову. “Я астаюся ў школе як настаўнік, а школу, падрыхтаваную да працы, перадаю новаму дырэктару,– кажа Сачко:

Школа падрыхтавана да новага навучальнага года. Ёсць усё для настаўнікаў і вучняў, усё падрыхтавана да таго, каб пачаць заняткі. А далей, калі будзе такая патрэба і дырэктар звернецца з просьбай, то напэўна дапамагу.

У школьным мерапрыемстве прымаў удзел саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Юрый Кулабухаў.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара