“Galeria Jurowiecka”: у першыя дні зніжкі ды атракцыі
Беласток яшчэ шырэй адчыняе свае дзверы для пакупнікоў з Беларусі. 24-га кастрычніка, першых кліентаў прымае “Galeria Jurowiecka”, размешчаная ў самым цэнтры горада. Гэта буйны гандлёвы цэнтр спалучаны з кінатэатрам, кавярнямі, фітнэс-цэнтрам і гатэлем.
Пяць гадоў таму галоўны інвестар Канстанты Струс (Konstanty Strus) набыў пляц у цэнтры Беластоку, на скрыжаванні вуліц Сенкевіча і Юравецкай. Доўгі час гэты пляц заставаўся пустым, хоць раней тут быў і аўтобусны вакзал і нават звычайны рынак. Выклік стаяў вялікі – пабудаваць сучасны гандлёвы комплекс у горадзе, дзе ўжо і так дастаткова вялікая канкурэнцыя на гэтым рынку.
Як кажа галоўны інвестар ды ініцыятар Канстанты Струс (на фота ніжэй – у цэнтры), хоць будоўля і трывала даволі доўга, але вынік ня можа ня радаваць. Нас жа радуе тое, што ў новай Галерэі Юравецкай чакаюць на кліентаў з-за ўсходняй мяжы:
– Нашыя браты з-за ўсходняй мяжы ўжо паінфармаваныя. Два тыдні таму я быў у Гародні, і там мы размаўлялі наконт супрацы з медыямі, нашая рэклама ёсць у газеце „Вячэрні Гродна”. Мы хочам таксама арганізаваць так званую „турыстыку па пакупкі”, праводзім перамовы з перавозчыкамі, якія арыентуюцца ў гэтым рынку. У Гародні пражывае каля трохсот тысяч чалавек, многія з іх маюць візы і няма праблемы, каб яны сюды прыязджалі. Мы будзем працаваць над тым, каб як мага больш кліентаў з Гародні, і не толькі з Гародні, да нас прыязджала. Але гэта праца найперш для службы маркетынгу і для кіраўніка.
Як працягвае Канстанты Струс, галава прыватнай сямейнай кампаніі пад такой самай назвай, для кліентаў з Беларусі прадугледжаны шэраг адмысловых умоваў, якія маюць павялічыць камфортнасць у час пакупак:
– Гэта паркінг насупраць галерэі, паўгектара зямлі. Гэта бесплатны на працягу першых трох гадзінаў паркінг, пазней трэба плаціць, гэта зроблена дзеля таго, каб была ратацыя аўтамабіляў. Паркінг абазначаны, таксама і на расейскай мове. Мы зацікаўлены ўсходнім рынкам. На паркінгу 200 месцаў для аўто і шэсць для аўтобусаў, але ў выпадку патрэбы, гэты паркінг мы пашырым.
На пытанне нашага Беларускага Радыё Рацыя, чаму інфармацыя для патэнцыйных кліентаў з Беларусі падаецца па-расейску прагучаў ня толькі адказ, але і адно абяцанне:
– Мы вельмі разлічваем на нашых сяброў з-за ўсходняй мяжы. Калі некага гэта „зачапіла”, то няма праблемы, дапішам яшчэ і па-беларуску. Але я ведаю, што ўсе беларусы ведаюць расейскую мову. Калі я быў у Гародні, то бачым там усе надпісы таксама па-расейску. Можа не знаю так добра Гародню, але мне падалося, што расейская мова – ўсім добра вядомая і прымаецца ўсімі. Але дзякую. У нас ёсць інфармацыя здаецца на пяці мовах, мы дапішам яшчэ па-беларуску.
Таксама да Канстанты Струса журналісты накіравалі пытанне пра вяртанне падатку VAT. Ці будзе такая магчымасць, бо гэта вельмі важна для беларускіх пакупнікоў?
– Будзем над гэтым працаваць, гэта справа кіраўніка галерэі, каб такі пункт паўстаў. Я лічу беларусаў нашымі сябрамі. Мы былі і ў Гародні, і ў Берасці, я захоплены гарадамі, як яны загаспадараваныя. Я не хачу тут, барані божа, закранаць палітыку, але гэта іншы свет, гэта зусім не тое, пра што нам польскія медыі гавораць. Мы сапраўды адкрытыя, зычлівыя. І магчыма падумаем пра гэты рынак, бо, напрыклад, улады Берасця вельмі адкрытыя для інвестыцый. Будзем у гэтым напрамку працаваць. А Tax Free, калі і не адразу, але будзе працаваць з думкай пра выгаду для нашых кліентаў. Ужо ёсць пукнт абмену валюты, і курс там будзе вельмі выгадны, а я, напэўна, прасачу за гэтым.
Застаецца дадаць, што Галерэя Юравецкая – гэта больш за 24 тысячы квадратных метраў гандлёвых плошчаў. У самым гандлёвым цэнтры знаходзіцца 115 крамаў, а працу тут атрымае нават да 600 чалавек. Што тычыцца гатэля, то яго адкрыццё адбудзецца ў сакавіку наступнага году. А ў суботу і нядзелю, 24-25 кастрычніка, у першыя дні працы новага гандлёвага цэнтру, кліентаў чакаюць шматлікія зніжкі і забаўляльныя мерапрыемствы, выступаць будзе, між іншымі, папулярная польская спявачка Эва Фарна, парадуе сваіх прыхільнікаў і калектыў чачэнскага танца Lovzar з Беластоку. Шмат забаўляльных мерапрыемстваў запланавана для дзяцей.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара