„Генеалогія – гісторыя нашых сем’яў”



„Генеалогія – гісторыя нашых сем’яў” – тэма чарговай сустрэчы, якую ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку зладзіла культурнае таварыства „Русь”. 

З дакладам выступіў Яўген Семенюк, па прафесіі архітэктар, а ў вольны час – генеолаг. Сябра Падляшскага генеалагічнага таварыства. Яўген Семенюк звыш дваццаці гадоў займаецца пошукамі звестак пра сваіх продкаў ды жыхароў ягонай роднай вёскі Рыгораўцы, што на Бельшчыне. Ён адзначае, што вельмі важна ведаць свае карані. Кожны з нас можа гэта зрабіць, перш за ўсё пачынаючы з размоў з найстарэйшымі чальцамі сям’і:

Найважнейшая справа, гэта размовы з найстарэйшымі людзьмі з сям’і, якія ёсць. Бо яны адыходзяць найхутчэй. І тая памяць адыходзіць разам з імі. Другая справа, гэта фатаграфіі, усе дакументы, якія ёсць. То, як бы ўжо пазнейшае. Метрыкі. Архівы. Архівы царкоўных метрык. Архіўныя газеты. У такой чарговасці. Аднак расповед найстарэйшых чальцоў сям’і, гэта найважнейшая справа на маю думку.

Яўген Семенюк некалькі гадоў вядзе ў Фэйсбуку старонку прысвечаную гісторыі ягонай роднай вёскі Рыгораўцы. Сёлета таксама выйшла ягоная кніга „Вёска Рыгораўцы… і людзі” у якой плён шматгадовых генеалагічных пошукаў у архівах ды размоў са старажыламі вёскі Рыгораўцы.

Беларускае Радыё Рацыя