V Марш „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы



У Гайнаўцы прайшоў V Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які зладзілі крайне правыя сілы.

Як галоўных герояў яны ўслаўляюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках.

“Калі стану прэзідэнтам Польшчы, прыеду сюды, і ўшаную ахвяр Рамуальда Райса”, – такое публічнае абяцанне ў Гайнаўцы даў кандыдат на пасаду прэзідэнта ад аб’яднаных левых сілаў,  еўрадэпутат Роберт Бедрань.

На думку палітыка, прэзідэнт павінен стаяць на баку пакрыўджаных, а не злачынцаў:

– І, на жаль, напэўна, гэта ўпершыню польскі прэзідэнт зробіць такі жэст, каб ушанаваць ахвяр і паказаць, як ён будуе масты, а не сцены. Прэзідэнт Польшчы сёння мусіць стаяць у гэтым месцы і ўсе людзі добрай волі сёння мусяць стаць на баку 79 ахвяр, якія загінулі ад рук ката, якім быў Рамуальд Райс “Буры”. Трэба такія ўчынкі асуджаць.

Роберт Бедрань прысутнічаў у нядзелю, 23 лютага, на ўшанаванні памяці ахвяр рэйду “Бурага”. На грамадскім мерапрыемстве “Вечная памяць” таксама прысутнічалі дэпутаты польскага Сейму ад левых сілаў – Адрыян Зандберг і Павел Крутуль. Былі і прадстаўнікі Грамадзянскай кааліцыі – Яўген Чыквін і Роберт Тышкевіч.

* * * 

Вуліцамі Гайнаўкі прайшоў V Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які зладзілі крайне правыя сілы. З Гайнаўкі перадае наш карэспандэнт Валя Лаеўская:

– Закончыўся Марш «выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы. Сябры арганізацыі «Грамадзяне РП» спрабавалі блакаваць марш. Каля трыццаці чалавек затрымалі, яны зараз аточаныя падвойным кардонам паліцэйскіх. Паліцэйскіх тут звыш 100 чалавек. Яны не прапускаюць нават журналістаў, каб яны маглі даведацца, што сталася і чаму гэтых людзей затрымалі. Адну з затрыманых адпусцілі, яна сказала, што іх затрымалі за тое, што перашкаджалі ў правядзенні дазволенага маршу. Прычым, як сказала жанчына, яны стаялі толькі з таблічкамі з імёнамі ахвяраў. Яны лічаць, што гэта страшна, што ў Гайнаўцы гераізуюць чалавека, які адказны за забойствы жанчын і дзяцей. На асфальце ляжаць растаптаныя ружы, якія трымалі ў руках «Грамадзяне РП». Даволі сумнае відовішча.

Удзельнікаў маршу ў гэтым годзе было каля 150 чалаек, не болей. Ішлі з лозунгамі «Буры – наш герой», «Вялікая Польшча – хрысціянская». У гэтым годзе быў плакат, на якім былі Вярус і Курачкін, і праваслаўны крыж. Арганізатары маршу даводзілі, што «Буры» не дзейнічаў супраць беларусаў ці супраць праваслаўных, таму што ў ягоных аддзелах былі і беларусы, і праваслаўныя. На плакаце былі здымкі Вяруса і Курачкіна, якія сапраўды былі ў аддзеле Бурага. Між іншым, Вярус удзельнічаў у карнай аперацыі ў вёсцы Шпакі.

“Марш нацыяналістаў ў Гайнаўцы – гэта вельмі пагрозлівая з’ява” – кажа прафесар Польскай акадэміі навук Анна Эльгэнкінг, якая прыехала з Варшавы, каб запаліць ў Гайнаўцы свечку памяці ахвярам “Бурага”, якога ўдзельнікі маршу чарговы раз вынеслі на штандары. “Калі ў Польшчы не зменіцца макрапалітычная сітуацыя, калі не зменіцца ўлада, то ведаем, як праходзяць гэтыя працэсы, калі словы і жэсты нянавісці становяцца дзеяннем нянавісці”, – кажа прафесар:

– У нейкі момант яны могуць стаць не сімвалічнымі, а фізічнымі. І гэта жахлівая перспектыва. І таму грамадства, царква, касцёл, мясцовыя ўлады мусяць стаць сцяной супраць нарастаючага фашызму.

Пяты па ліку Марш памяці „выклятых жаўнераў” сабраў у Гайнаўцы каля 150-ці ўдзельнікаў, якія прыехалі з розных рэгіёнаў Польшчы. На шляху маршу традыцыйна сталі сябры арганізацыі “Грамадзяен РП”, якіх паліцыя сілай выцягнула з вуліцы за гадзіну да пачатку шэсця. Прыкладна ў 60-ці чалавек паліцыя перапісала дадзеныя, верагодна, іх чакаюць суды.

[Not a valid template]

* * * 

У Гайнаўцы адбылася акцыя “Вечная памяць”, у час якой былі зачытаныя прозвішчы загінулых у выніку так званага “крывавага рэйду Бурага”.

У гэтыя хвіліны павінен пачацца Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які ўжо пяты раз ладзяць крайне правыя сілы. Як галоўных герояў удзельнікі маршу гераізуюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках.

* * * 

У Гайнаўцы сёння ўзгадваюць цывільных ахфяр аддзелу польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага”.

 

А 10-й гадзіне ў мясцовай царкве святога Яна Хрысціцеля прайшоў малебен да Святамучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.

У гэтыя хвіліны пачынаецца акцыя “Вечная памяць”.

З Гайнаўкі перадае наш карэспандэнт Валя Лаеўская:

– Сабралася каля 500 чалавек. Дакладную лічбу складана сказаць. Людзі ўвесь час падыходзяць. Тут уся гайнаўская грамадскасць: вучні, бацькі з дзецьмі і людзі сталага ўзросту. У Гайнаўку прыехалі палітыкі: Роберт Тышкевіч, Адрыян Зандберг, Роберт Бэдронь, Яўген Чыквін. Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі Амбасады Рэспублікі Беларусь у Варшаве і Беластоку. 

Прайшоў малебен у царкве святога Яна Хрысціцеля. Упершыню адмыслова настаяцель царквы прачытаў Евангелле па-беларуску. У сваім звароце да вернікаў ён адзначыў, што мірныя жыхары былі забітыя таму, што былі беларусамі. Зараз пачалася акцыя „Вечная памяць”.  

* * * 

23 лютага ў Гайнаўцы ўзгадаюць цывільныя ахвяры адзелу польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры). Жыхары Гайнаўкі прачытаюць імёны і прозвішчы ўсіх закатаваных ў днях ад 29 студзеня па 2 лютага 1946 году падчас гэтак званага „крывавага Рэйду Бурага”.

Гавораць ініцыятаркі акцыі, грамадскія актывісткі Эва Кэнчынска-Мароз і Кацярына Ваппа:

– І калі мы не пойдзем, не сустрэнемся, гэта будзе значыць, як бы я згодная. Мы таксама беларусы, мы праваслаўныя, мы таксама людзі. Калі такое было 74 гады таму, а мы тут з гэтым маршам за нашымі плячыма, то можа быць такое будзе яшчэ. Мы гэтага не хочам.

– У нас сціплая праграма. Пачынаем а 10-й гадзіне. Гэта будзе служба ў храме. А затым а 12-й гадзіне ў скверы Васілеўскага пачынаем мерапрыемства. Галоўны акцэнт – гэта памяць пра ахвяры. Хто можа, хто адчувае такую патрэбу – сардэчна запрашаем.

Грамадская акцыя „Вечная памяць” у Гайнаўцы пройдзе ўжо 3 раз. Арганізатары адзначаюць, што „Вечная памяць” не з’яўляецца альтэрнатыўным мерапрыемствам да маршу выклятых жаўнераў, які ў той жа дзень пройдзе праз Гайнаўку. “Гэта наш маральны абавязак паказаць, што ў Гайнаўцы памятаюць і ўшаноўваюць памяць бязвінных ахвяраў, а не іх забойцаў”, – адзначаюць арганізатары.

Валя Лаеўская, Беларуская Радыё Рацыя