«Грамадзянская платформа» прапануе новы закон для захавання Белавежскай пушчы



Адзін закон для Белавежскай пушчы, каб усе былі задаволеныя. Гэта прапанова групы дэпутатаў апазіцыйнай польскай партыі «Грамадзянская платформа» дзеля вырашэння сітуацыі, што склалася ў польскай частцы пушчы.

«Праект закона аб’яднаў бы ўсе запісы аб ахове пушчы і даў бы магчымасць кампенсацыі для жыхароў навакольных гмін»,— кажа дэпутат Габрыэля Ленартовіч, адказная за ахову прыроды.

Калі чалавек жыве на ахоўнай тэрыторыі, у розных ступенях гэтай аховы, дык адначасова з гэтай нагоды ён атрымлівае, калі не карысць, дык хаця б кампенсацыю дадатковага абцяжарвання. І гэта прадугледжваецца заканадаўствам.

У Белавежскай пушчы ідзе высечка дрэў, якія знішчаны караедам. Эколагі хочуць, каб Міністэрства прыроды забараніла высечку ў Пушчы і пакінула яе ў непарушным стане. Сёння пра гэтыя ды іншыя справы будуць дыскутаваць у Гайнаўцы мясцовыя палітыкі, прадпрымальнікі, леснікі і эксперты.

Пачатак у 17 гадзін у Гайнаўскім доме культуры.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя