Гран-пры „Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі” атрымаў хор з Казахстану



Хор мітрапалітальнай акругі Рускай праваслаўнай царквы ў Казахстане “Алма-Ата” атрымаў гран-пры XXXVII Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”.

“Наш хор складаюць не толькі праваслаўныя спевакі”, – кажа дырыжор хору Алег Аўчіннікаў:

– Палова – гэта казахі, мусульмане, але спяваюць яны праваслаўную музыку з любоўю. Я вельмі рады і многая лета польскаму народу!

Міжнародная конкурсная камісія ўручыла ўзнагароды ў некалькіх намінацыях. У катэгорыі “Іншыя хоры” лепшым стаў менскі Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, галоўным кіраўніком якога з’яўляецца Мікола Кашура:

– Мы пастараліся ахапіць максімальную шкалу тых твораў, якія існуюць на сённяшні момант і прысвечаны вось гэтаму напрамку. Нам было цікава ўсё гэта параўнаць, увайсці ў розныя стылі, і спадзяюся, гледзячы па выніку, гэта ўдалося.

У катэгорыі “Вакальныя калектывы” другое месца заняў хор “Aksios” з Сынковічаў. На тым жа месцы апынуўся менскі хор “Фэст” у катэгорыі “Дзіцяча-маладзёжныя хоры”. Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” завяршылі гала-канцэрты ў Гайнаўцы і Беластоку.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя