Halfway Festival можа атрымаць грошы з гарадскога бюджэту



„Падляшская актава культур” і Halfway Festival могуць атрымаць дафінансаванне з бюджэту горада Беласток. Радныя камісіі культуры пазітыўна ацанілі абодва фестывалі і далі “зялёнае святло”.

Гэтыя мерапрыемствы фінансуе Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства, але паколькі адбываюцца яны ў Беластоку, то звычайна і прэзідэнт горада дапамагае ім фінансава.

Як кажа арганізатарка Halfway Festival Ілона Карпюк, рашэнне радных цешыць, аднак квота дафінансавання стане вядомай пасля чарговай сесіі Рады горада:

– Цяжка адназначна адказаць, што будзем рабіць, калі акажацца, што грошы, якія былі прадбачаны з бюджэту горада, будуць меншыя. Разлічваем на тое, што Беласток знойдзе гэтыя сродкі, а калі яны будуць ў недастатковым памеры, то знойдуцца такія людзі, якія паспрыяюць правядзенню фестываля на дастаткова высокім узроўні.

Пачаткова Halfway Festival меў атрымаць 300 тысяч, а Падляшская актава культур – 150 тысяч злотых. Сесія Рады горада, падчас якой вырашаць пытанне дафінансавання гэтых імпрэзаў, адбудзецца праз два тыдні.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток