Каля двух тысяч мігрантаў імкнуцца прарвацца ў Польшчу



У лесе каля беларуска-польскай мяжы былі чутны гукі, падобныя да стрэлаў.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі пацвердзіў інфармацыю пра стрэлы на беларуска-польскай мяжы. Сілавікі сцвярджаюць, што яны нібыта былі з боку Польшчы.

* * *

Польскім службам МУС і адміністрацыі і вайскоўцам удалося спыніць першую масавую спробу перасячэння мяжы.

Фота: Reuters

Зараз мігранты стварылі намётавы лагер у раёне Кузніцы. Яны паляць кастры. Іх пастаянна ахоўваюць службы з беларускага боку.

Лагер мігрантаў, зняты зверху з верталёта польскіх вайскоўцаў.

* * *

Паводле Беларускага дзяржпагранкамітэту, перад польскімі абгароджваннямі на лініі мяжы знаходзяцца больш за 2 тысячы бежанцаў, уключаючы жанчын і дзяцей.

Фота: Reuters

Як стала вядома, частка мігрантаў дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца» . Праход ачэплены з аднаго боку польскімі памежнікамі і беларускімі вайскоўцамі з другога, яны трымаюць браму, каб не пусціць людзей на дарогу.

17. 00. Чарговая спроба мігрантаў прарвацца праз польскую мяжу.

Абстаноўка на мяжы Беларусі і Польшчы абвастраецца. Мігранты, якія раніцай прыйшлі на мяжу вялікай калонай, спрабуюць разбурыць плот з калючага дроту агромністымі бярвёнамі, а таксама нажніцамі для металу спрабуюць перарэзаць калючы дрот. Гэта бачна на відэа, апублікаваным Міністэрства абароны Польшчы. Ведамства сцвярджае, што гэта ўсё робіцца пад наглядам і кантролем беларускіх вайскоўцаў, якія ніяк не замінаюць нелегальнаму перасячэнню мяжы.

У сувязі з напружанай сітуацыяй на польска-беларускай мяжы, прэс-сакратар польскага ўраду  Пётр Мюлер заклікаў жыхароў памежнай зоны захоўваць асцярожнасць:

– Звяртаемся да ўсіх, хто жыве на гэтых тэрыторыях, захоўваць асцярожнасць, бо сёння і ў найбліжэйшыя дні могуць адбыцца спробы нелегальнага перасячэння мяжы. Як людзі ведаюць з СМІ, у гэтыя хвіліны некалькі соцень мігрантаў знаходзяцца ля памежнага пераходу Кузьніца, частка з іх ужо спрабавала прарвацца праз мяжу. Памежнікі стрымалі спробу перасячэння польскай граніцы.

У гэтыя хвіліны ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіць тэрміновую нараду па сітуацыі на беларуска-польскай мяжы.

* * *

„Выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі мігрантаў у якасці гібрыднай тактыкі недапушчальнае”, — гаворыцца ў заяве штаб-кватэры НАТА ў Бруселі наконт міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Дакумент цытуе польскі канал TVN24.

„Мы занепакоеныя нядаўняй эскалацыяй на польска-беларускай мяжы. Мы заклікаем Беларусь выконваць нормы міжнароднага права. Мы назіраем хвалю мігрантаў, якія спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю саюзнікаў праз Беларусь. НАТА працягвае ўважліва сачыць за сітуацыяй”, — гаворыцца ў заяве.

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы паведаміла ў „Твітэры”, што на мяжы гатовыя супрацьдзейнічаць парушэнню закона 12 тыс. вайскоўцаў. „Польскія службы прадухілілі спробу мігрантаў прарвацца на польскі бок на поўдзень ад памежнага пераходу ў Кузніцы”, — адзначае ведамства.

На польска-беларускай мяжы „пачалася найбуйнейшая на сённяшні дзень спроба сілавога пранікнення ў Польшчу”, – заявіў раніцай Станіслаў Жарын, прэс-сакратар міністра — каардынатара спецыяльных службаў, міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага.

* * *

БелТА апублікавала фота, на якім бачна, як мігранты сякуць дрэвы на мяжы з Польшчай.

* * *

У ваколіцах пагранпераходу Кузніца Беластоцкая – Брузгі сабралася каля тысячы мігрантаў.  

У сеціве з’явілася відэа, на якім бачна, як мігранты з беларускага боку спрабуюць штурмаваць мяжу з Польшчай з вялікім бярвеннем.  Палякі ўжылі слезацечны газ. Спробу перасячэння польскай мяжы у ваколіцах Кузьніцы і Палоўцаў пацьвердзіла прэс-сакратар падляшскага аддзялення памежнай службы маёр Кацярына Здановіч:

– Усё дакладана так, як бачна на відэа – мігранты кідаюцца на агароджу, кладуць на агароджу бярвенні, каб зменшыць яе вышыню і мець магчымасць яе фарсіраваць. У той групе, якую мы назіралі, асноўная маса – гэта маладыя мужчыны, якія крыкамі заклікаюць людзей прабівацца праз мяжу. Намі назіранне вядзецца таксама з паветра, група мігрантаў налічвае некалькі соцень чалавенк. Але людзі, якія перамяшчаліся ў бок мяжы, іх нашмат больш, іх можа быць нават некалькі тысяч.

Як  паведамляе польскае выданне oko.press, мігранты, якія сёння прайшлі маршам да мяжы Беларусі і Польшчы, не збіраліся парушаць законаў. Яны хацелі афіцыйна аформіцца на памежным пераходзе „Брузгі”, а пасля, ізноў жа афіцыйна, звярнуцца да польскіх памежнікаў у „Кузніцы”. Паводле слоў крыніц выдання, яны хацелі такім чынам прадэманстраваць  і прыцягнуць міжнародную ўвагу да гуманітарнага крызісу.  У выніку ўцекачы, якія хацелі прайсці мяжу афіцыйна, апынуліся ў лесе. Яны прыйшлі да плота з калючым дротам, дзе іх сустрэлі польскія памежнікі. Заціснутыя паміж беларускімі і польскімі сілавікамі, мігранты, сярод якіх ёсць жанчыны і дзеці, вымушаныя будуць мерзнуць у лясах з беларускага боку мяжы. Але цяпер гаворка ідзе не пра лагер з 10 ці 20 мігрантаў, а пра групу, у якой блізу тысячы чалавек.

14:00 Мігранты разбурылі плот з калючага дроту і скандуюць „Германія”. Польскія памежнікі затуляюць дзірку жывым шчытом.

13:40 Палякі ўжылі газ супраць мігрантаў, якія паспрабавалі трапіць у Польшчу праз агароджу

«Мы гатовыя на любы сцэнар. Жорсткая абарона мяжы – гэта наш абавязак. Мы павялічылі колькасць памежнікаў, паліцыі і салдат. Мы чакаем у поўнай гатоўнасці», – заявіў міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі.

ДПК Беларусі ніяк не рэагуе на падзеі на мяжы, бо «ўсе гэтыя людзі не прадстаўляюць пагрозу бяспецы і не паводзяць сябе агрэсіўна».

13:20 Памежная служба Польшчы паведамляе, што групы нелегальных мігрантаў штурмуюць мяжу. Яны спрабуюць разбурыць памежную агароджу.

13:05 Памежная служба Польшчы паведамляе, што групы нелегальных мігрантаў робяць спробы сілавога перасячэння мяжы. Пакуль на тэрыторыю Польшчы яны не патрапілі.

На мяжу накіраваны антытэрарыстычныя падраздзяленні.

12:30 Становішча на беларуска-польскай мяжы проста цяпер:

11:50 Мігранты на мяжы – курды, яны самі арганізавалі сённяшні паход. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал NEXTA

Відэа з заклікам сабрацца ўсім разам і пайсці да польскай мяжы было апублікавана ў Facebook увечары 6 лістапада. Раніцай 7 лістапада для каардынацыі дзеянняў быў створаны чат у Telegram „Беларускі збор бежанцаў 10/11”. У ім апублікавалі кропку на карце каля памежнага пераходу «Брузгі», дзе сёння і заўважылі калону мігрантаў. Судзячы па паведамленнях у чатах, мігранты збіраліся пайсці менавіта на КПП, каб законна перасекчы мяжу Беларусі і затым прасіць палякаў, каб тыя іх пусцілі ў Польшчу. Аднак беларускія памежнікі сагналі іх з дарогі. Цяпер мігранты ў лесе.

11:30 12 тысяч вайскоўцаў прыведзены ў поўную боегатоўнасць для абароны мяжы, паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

11:05 Міністэрства абароны Польшчы апублікавала фота з Брузгоў, знятае з верталёта. Па ім можна ацаніць прыкладны маштаб сітуацыі ля пагранпераходу.

11:00 Дзяржаўныя СМІ Беларусі заяўляюць, што група мігрантаў пакінула тэрыторыю Беларусі. Аднак не ўдакладняецца, як менавіта гэтыя людзі прайшлі мяжу. Палякі інфармацыю пра перасячэння мігрантамі мяжы не каментуюць. Па ранейшай інфармацыі, мігранты не дайшлі да пункта пропуску, а павярнулі ў лес.

Падобна, што гэтая інфармацыя ўсё ж не зусім дакладная. Мігранты працягваюць публікаваць у сацсетках фота і відэа, знятыя на тэрыторыі Беларусі.

Крэмль пракаментаваў сітуацыю з натоўпам мігрантаў на мяжы:

«Тут, безумоўна, мы не сумняваемся ў тым, што міграцыйныя службы Беларусі прымаюць усе неабходныя меры для таго, каб сітуацыю ўтрымліваць у законным рэчышчы. Вядома, не сумняваемся і ў тым, што ўлічваюцца меркаванні і магчымай занепакоенасці ў сувязі з тым, што мігранты могуць перацякаць на нашу тэрыторыю», – перадае «РИА Новости» словы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.

Як стала вядома, на мяжу ў Брузгі прыехаў кіраўнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч, які летась ён кіраваў разгонам пратэстаў у Горадні.

Польшча сёння ў 13:00 правядзе тэрміновую сустрэчу антыкрызіснай каманды з удзелам прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, міністра ўнутраных спраў Марыюша Камінскага і міністра ўнутраных спраў Марыюша Камінскага. Сустрэчу праводзяць з-за вялізнай калоны мігрантаў на мяжы.

10:20 На КПП „Брузгі” прыбылі ўнутраныя войскі. Да мяжы таксама едуць аўтазакі.

Прэс-сакратар міністра – каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын напісаў у Твітары наступнае: “Акурат распачалася найвялікшая да гэтага часу спроба масавага гвалтоўнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы”. Ён дадаў, што “у групе, якую наўмысна сфарміравалі беларусы, пераважаюць маладыя мужчыны”. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ў твітары напісаў, што “на такі крок адчаю ўцекачоў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў”. Адзначым, што застаецца пакуль не зразумелым, якім чынам гэтыя мігранты трапілі на трасу каля Брузгоў. Паводле “МотолькоПомоги” каля Брузгоў знаходзіцца каля тысячы мігрантаў. Паводле новай інфармацыі, мігранты кіруюцца ў лес.

9:50 Мігранты не дайшлі да КПП і павярнулі ў лес.

9:40 Мігрантаў да мяжы суправаджаюць узброеныя людзі з сабакамі. Афіцыйна ў „Брузгах” пешы пераход мяжы не дазволены.

9:00 У пераходзе Брузгі, што на мяжы з Польшчай, сотні «турыстаў» ідуць проста па трасе. Мігранты крычаць і падбадзёрваюць адзін аднаго.

На дадзены момант да Беларуска-Польскай мяжы калоне з мігрантаў застаецца каля 1 км.

Сотні мігрантаў блізу пункту пропуску Брузгі, які мяжуе з польскай Кузніцай. Натоўп мігрантаў рухаўся ў бок Брузгоў непасрэдна па трасе ў суправаджэнні ўзброеных людзей у вайсковай форме. Тэлеграм-канал “МотолькоПомоги” выклаў здымак, на якім бачна, што гэтыя ўзброеныя людзі перакрылі далейшы шлях мігрантаў па трасе, у выніку тыя сядзяць і стаяць на дарозе і абапал яе.