Каля 100 чалавек на пікеце ў падтрымку Сянцова ў Варшаве



Без лозунгаў і скандаванняў. Пад амбасадай Расеі ў Варшаве каля 100 чалавек моўчкі стаялі ў падтрыманне Алега Сянцова.

Акцыя была спантаннай, усё пачалося ад учорашняга допісу на фэйсбуку полькі Крыстыны Зоўчак-Ястшэмбскай:

– Алег галадуе ўжо каля трох месяцаў. Яго стан драматычны. Ён развітаўся з тымі, хто за яго змагаўся, і таксама з роднымі. І я падумала, што адзінае, што я магу зрабіць, да чаго маю заахвоціць людзей, – то стаць у акцыю маўчання праз тыя тысячы кіламетраў, якія нас дзеляць, каб ён не быў сам-насам.

Апроч палякаў  у акцыі салідарнасці ўдзельнічалі мясцовыя ўкраінцы і беларусы. Да пікету далучыўся адзін з лідараў польскай апазіцыйнай партыі “Разам” Адрыян Зандбэрг:

– Заўсёды варта паказаць нашую нязгоду. Нязгоду на палітычных вязняў. Нязгоду на парушэнне правоў чалавека. Нязгоду на пераслед людзей па фальшывых абвінавачаннях.

Украінскі рэжысёр з Крыму Алег Сянцоў  быў затрыманы ўвесну 2014-га, падчас анэксіі паўвыспы.

У жніўні 2015-га культурнага дзеяча прысудзілі да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму. Расейскі суд вызнаў Сянцова вінным у падрыхтоўцы тэрактаў. Рэжысёр галадуе ўжо 89-ы дзень. Усяго ў расейскіх турмах застаецца 27 украінцаў-палітвязняў.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і FACEBOOK.COM/HANNA ZIELINSKA