Канцэрт «Для Надзеі» ў Бельску: «Згіне ўсё, а паэзія застанецца»



У Бельскім Доме культуры ў Бельску-Падляшскім адбыўся спецвыпуск фестывалю «Бардаўская восень» – канцэрт «Для Надзеі», на якім выступілі Алег Кабзар і Зміцер Вайцюшкевіч.

Назву канцэрта патлумачыў заснавальнік самога фестывалю Ігар Лукашук:

– Мы сустракаемся тут для самай важнай, на мой погляд, Надзеі ў Бельску-Падляшскім, для самай важнай Надзеі для “Бардаўскай восені”. Мы тут сустракаемся для Надзеі Артымовіч. Дзякую Надзеі Артымовіч.  

Свае віншаванні юбілярцы і «музе» фестывалю, а таксама жыхарам Бельску-Падляшскага з нагоды адкрыцця новага будынка Дома культуры, выказаў спявак і музыка Зміцер Вайцюшкевіч:  

–  Вельмі рады, што сённяшні канцэрт прысвечаны Надзеі. Віншую вас з такім прыгожым будынкам. Можа, некаторыя скажуць, што ён завялікі, але для культуры не шкадуйце. За дзесяць гадоў тады культурнай сталіцай будзе ўжо Бельск, а не Беласток.

Падчас спецвыпуску фестывалю «Бардаўская восень» – канцэрта «Для Надзеі» гучалі песні на вершы Надзеі Артымовіч і сучасных беларускіх  аўтараў, у тым ліку Уладзіміра Някляева і зняволенага Максіма Знака.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара