Карэспандэнта Польскага радыё Уладзіміра Паца пахаваюць на Беласточчыне



Уласнага карэспандэнта „Польскага Радыё” у Беларусі Уладзіміра Паца, які заўчасна памёр у Менску, пахаваюць на яго радзіме, на Беласточчыне.

Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя распавёў яго сябар, адзін з журналістаў:

– Развітання як такога не будзе, бо наколькі я ведаю, яго павязуць хаваць у Польшчу. Я патэлефанаваў часоваму польскаму паверанаму Марціну, ён з ім сябраваў. Ён кажа, што вось так атрымалася, ён у яго ў аўторак быў увечары, Пац нешта сябе не вельмі добра адчуваў, Марцін з жонкай яго ўгаворвалі, каб выклікаў хуткую. Ён адмахнуўся, у яго з ціскам была праблема ўвесь час. Кажа, што развіталіся, калі было каля дзесяці гадзін вечара і разышліся. Пасля кажа патэлефанаваў яму на наступны дзень, маўчыць, зразумеў, што штосьці не тое. У яго быў тэлефон гаспадыні. Датэлефанаваўся да гаспадыні, прыехалі, адкрылі, ён мёртвы на канапе ляжаў. Мабыць яму было кепска, прылёг і ўжо не ўстаў. Ён у свой час прасіў яго пахаваць у вёсцы, на Беласточчыне, дзесьці дваццаць кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы. Павязём труну туды, таму ніякага развітання фактычна не будзе.

Беларускае Радыё Рацыя