Кастусь Шыталь: Адчуваецца сувязь гэтага рэгіёна з Беларуссю
Беласточчына ў розныя гістарычныя перыяды станавілася прыстанішчам для шматлікіх беларускіх дзеячаў. Наш сённяшні госць упершыню прыехаў у Беласток, але ўсяго за некалькі дзён пабачыў багатыя сувязі нашых зямель па абодва бакі сучаснай мяжы.

„Госць Рацыі” краязнавец Кастусь Шыталь:
– Я толькі што прыйшоў з імшы з Беластоцкай катэдры, быў уражаны тым, што на абразах, на вітражах выяўленыя многія асобы, якія звязаныя з Беларусссю. Сярод іх трое расстраляных нацыстамі святароў з Глыбокага – Мечыслава Багаткевіча, Уладзіслава Мацковяка і Станіслава Пыртака. Мечыслаў Багаткевіч дарэчы служыў сваю першую імшу ў Параф’янаве. Так усё вельмі блізка звязана, у рэлігійным сэнсе можна казаць, што звязана духоўна, але акрамя таго і культурна, гістарычна.
РР: Вы казалі, што не адчуваеце сябе чужым у Беластоку.
– У прынцыпе вельмі адчуваецца гістарычная і культурная сувязь гэтага рэгіёна з Беларуссю. Як толькі я сюды ехаў, бо ехаў акружным шляхам, праз Каралевец, праз Ольштын. Пад’язджаючы да Беластока цягніком, станцыя Монькі, міжваенны будынак чыгуначнага вакзала, гэта тыпавы праект вакзалаў Віленскай дырэкцыі польскіх чыгунак з 1920-х гадоў. Кіраваў праектамі іх будаўніцтва іх архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, які акрамя таго, што некалькі вакзалаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі пабудаваў, а яшчэ раней ён праектаваў касцёл у Парф’янаве. Сам Беласток, ну вось Беластоцкая катэдра, там выявы людзей звязаных з Беларуссю. Там жа побач мемарыяльны знак у гонар 600-годзя заснавання Віленскай дыяцэзіі, да якой таксама і беларускія землі належалі. Мае далёкія продкі, якія былі паганцамі да канца 14-га стагоддзя. Яны пасля таго, як Ягайла хрысціўся, то пасля таго яны былі ў каталіцкую веру ахрышчаныя. Так, усё гэта вельмі блізка.
РР: Ці можаце падзяліцца сваімі краязнаўчымі планамі?
– Я пакуль што планую прабыць тут каля трох месяцаў, спадзяюся, што неўзабаве вярнуся дамоў. Тут размаўляючы з мясцовымі беларусамі, узнікла такая ідэя пазбіраць са старой міжваеннай прэсы тыя карэспандэнцыі з Беласточчыны, якія друкаваліся ў міжваенных віленскіх газетах: у „Беларускай крыніцы”, „Хрысціянскай думцы”, „Шляху моладзі”. Таму, што вельмі шмат беларусаў у міжваенны перыяд тут на Беласточчыне выпісвалі беларускія газеты, пісалі туды карэспандэнцыі. Акрамя таго было некалькі пастаянных аўтараў, якія пісалі карэспандэнцыі ў віленскія беларускія газеты, напрыклад Дамінік Аніська з Саколкі. Яшчэ ў міжваенны час Беласточчына была месцам, дзе некаторыя беларускія дзеячы, ну ў нейкай ступені вымушана працавалі, як напрыклад ксёндз Віктар Шутовіч, які польскімі духоўнымі ўладамі быў сюды сасланы, як ксёндз Язэп Рэшаць. Ксёндз Семашкевіч, які вядомы, як паэт Янка Быліна. Таксама доктар Станіслаў Грынкевіч, адзін з кіраўнікоў беларускага руху, які ў Харошчы працаваў у псіхіятрычным шпіталі.
РР: Што з краязнаўчых рэчаў вы ўзялі з сабой, найбольш дарагое і важнае?
– Некалькі рэчаў я з сабой узяў. Гэта малітоўнік „Голас душы”, які быў выдадзены ў 1926 годзе ў Вільні. Гэта быў малітоўнік па-беларуску, беларускай лацінкай напісаны, прызначаны для беларусаў-каталікоў. Гэты малітоўнік склаў Канстанты Стэповіч (Казімір Сваяк), рэдагаваў ксёндз Адам Станкевіч. Ён быў выдадзены з дазволу віленскага біскупа, бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча, дарэчы ягоная выява таксама ў Беластоцкай катэдры ёсць. Яшчэ я ўзяў з сабой „Жыццё святога Вацлава”. Гэта біяграфія святога Вацлава выдадзеная па-беларуску ў Празе ў 1929 годзе. Тады святкавалі 1000-годзе яго пакутніцкай смерці ў Чэхі і тамтэйшыя беларусы пераклалі яго біяграфію на беларускую мову. Вось гэтыя дзве кнігі патрапілі мне ў рукі ад сваякоў Альбіна Сінкевіча, які жыў на Глыбоччыне ў вёсцы Шантараўшчына, быў актывістам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Нават у 1931-36 гадах належаў да цэнтральнага камітэта. Быў расстраляны ў 1942 годзе ў Докшыцах нацыстамі. Яго свае ж аднавяскоўцы, якія лічылі сябе палякамі, вырашылі зжыць са сету за тое, што ён быў беларусам. Напісалі данос немцам, а тыя расстралялі яго ў Докшыцах у яме, дзе расстрэльвалі многіх мірных жыхароў. Месца больш асацыюецца з месцам расстрэлу габрэяў, але там і адзін з беларускіх актывістаў ляжыць. Месца ягонага пахавання пакуль не пазначана.
РР: Вы маеце шмат старых здымкаў, ці можна недзе паглядзець гэты архіў?
– Я збіраю матэрыялы, якія датычаць Глыбоччыны, у першую чаргу фотаздымкі. Гэта тое, што цікава ўсім і тое, праз што можна вельмі эфектыўна папулярызаваць гісторыю. У мяне гэты архіў – гэта архіў электронны. Калі мы купляем дзесьці на аўкцыёнах за ахвяраванні добрых людзей, арыгіналы фотаздымкаў мы іх перадаём у глыбоцкі музей, а сабе пакідаем толькі сканы гэтых здымкаў. Пераважна я іх публікую на сваіх старонках у сацсетках. Я вяду старонкі на Фэйсбуку, УКантакце, у Аднакласніках, дзе агулам восем тысяч падпісчыкаў. Акрамя таго яны загружаюцца на Вікіпедыю. На глыбоцкай старонцы ў раздзеле Вікісховішча можна перайсці па спасылках, там больш за 200 старых здымкаў Глыбокага можна ўбачыць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
