Кацярына Лісавенка: Задача мастака – не дапусціць, каб таталітарызм схаваў свае злачынствы



У галерэі «Арсенал» у Беластоку адкрылася выстава для дарослых «Могілкавы сад». Гэта своеасаблівы дзённік вайны ўкраінскай мастачкі Кацярыны Лісавенкі, якая з дзецьмі з-за расейскага ўварвання была вымушана пакінуць родныя Кіеў і Адэсу. На карцінах мастачкі пануе смерць і аголеныя целы жанчын і дзяцей – ахвяр вайны, якая ўсё яшчэ працягваецца.

Наша карэспандэнтка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» – мастачкай Кацярынай Лісавенкай пра тое, што можа супрацьпаставіць мастацтва варожай прапагандзе, ці сумяшчальна мацярынства і дзяцінства з вайной, каго можна лічыць героямі Украіны і чаму яе нельга аддаваць Расеі, і што ўкраінская творца думае пра Беларусь і ў чым палягае сучасная роля мастака ў свеце:

-Я ўдзячная палякам за разуменне і спагаду. Гэта адная з краін, людзі якой дужа дапамагаюць украінцам і дужа спачуваюць. Я вельмі ўдзячная за разуменне і падтрымку. Я не магу спыніць гэтую вайну. Я не магу зрабіць так, каб яна закончылася. Расея – гэта таталітарная краіна. І таталітарныя краіны заўсёды намагаюцца хаваць гісторыю, перапісваць яе. Я не ведаю, як пасля будзе, але я намагаюся зрабіць так, каб гэта не было забыта. Каб гэтыя злачынствы былі, па-першае, задакументаваныя, а па-другое, я спадзяюся, што Украіна выйграе гэтую вайну. Але ёсць людзі, якія загінулі, якіх з намі ўжо няма. І я хачу, каб пра ахвяраў не забыліся.

РР: Гэтая выстава можа быць накіраваная на экспанаванне па ўсёй Еўропе, каб усе яе пабачылі?

Кацярына Лісавенка: Так. Яна будзе паказана ў Аўстрыі, у Базелі. Над тэмай гвалту я працую ўжо даўно. Насілле – гэта сістэмная рэч. Яна звязаная з уладаю. Я не проста намагаюся паказаць смерць, я намагаюся паказаць, як гэта павязана з уладаю. Калі разумееш, што вайна – гэта частка палітыкі, то пачынаеш думаць, як гэта можна спыніць.

РР: У вас на карцінах вельмі шмат жаночага цела, дзяцей. Але няма ўкраінскіх салдат. Чаму?

Кацярына Лісавенка: Па-першае, салдаты з лініі фронту зараз і так на піку папулярнасці. І яны – галоўныя акторы ўкраінскага жыцця. Зараз вайна належыць ваенным. А ўсе цывільныя сталі статыстыкай. І ты можаш або перашкаджаць ім, або дапамагаць. Але жанчыны, дзеці і старыя – гэта найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва, якія не будуць гераізаваныя. А стануць аб’ектамі статыстыкі загінулых або бежанцаў. І я лічу, што важна гэта не забываць, бо мне не падабаецца гэтая мова вайны. І тое месца, якое застаецца для людзей, якія не з’яўляюцца героямі. Другая праблема – гэта тое, што салдаты таксама вельмі ўразлівыя. Я не магу іх зараз маляваць. Мне патрэбная дыстанцыя часу і разумення. Па-трэцяе, у жанчын, дзяцей і старых людзей вайна забірае ўсё. І мацярынства і дзяцінства – гэта рэчы, несумяшчальныя з вайною.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]