Кіеўскія акцыі: Мы памятаем усіх палітычных ахвяр



Гэтыя выходныя ў Кіеве аказаліся больш, як насычанымі. У суботу і нядзелю прайшлі дзве акцыі, прысвечаныя масавым пратэстам на Майдане ў 2014-м. Яны адбыліся ў форме маршаў. Завяршыўся ж тыдзень у арт-пабе ўспамінамі трагічных падзей у Курапатах 1937-га і праглядам дакументальнага фільма.

Адной з выбітных асоб, пра якую шмат казалі ў гэтыя дні, стаў Міхаіл Жызнеўскі – беларускі журналіст, удзельнік Еўрамайдану, які загінуў у Кіеве ў 2014 падчас пратэстаў. “Ён быў сапраўдным сынам сваёй Радзімы”, – зазначае арганізатар і вядучы нядзельных мерапрыемстваў Альгерд:

Тое, што ён стаў удзельнікам Майдана, мяне ніколі не здзіўляла. Бо ён прыехаў ва Украіну не шукаць заробку, а таму, што быў яго пераслед з боку ўладаў Беларусі. Ён быў грамадзянінам Беларусі. Ён не проста жыў ва Украіне, ён быў членам УНА-УНСО, якая пастаянна дапамагала беларусам. Ён натхняе, канешне, усіх беларусаў тут, ва Украіне, на далейшую барацьбу.

Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі нядзельных акцый у Кіеве ў свой час таксама змагаліся на Майдане і займаліся раскопкамі ў Курапатах. Таму для іх гэтыя мерапрыемствы сталі тым больш кранальнымі і балючымі.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя