Кіраўнікі мытных ведамстваў Беларусі і Украіны падпісалі два мемарандумы



Два мемарандумы падпісаныя 21 лістапада ў Менску паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай фіскальнай службай Украіны.

Як паведамляе прэс-служба ДМК, кіраўнікі мытных ведамстваў дзвюх краін Юрый Сянько і Міраслаў Продан падпісалі мемарандумы аб супрацоўніцтве па падрыхтоўцы кадраў і аб намерах па пытаннях узаемадзеяння на перыяд правядзення ў Рэспубліцы Беларусь II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годе.

„Узаемадзеянне мытных органаў Рэспублікі Беларусь і Украіны на працягу многіх гадоў знаходзіцца на самым высокім узроўні. Важным практычным крокам па развіцці супрацоўніцтва, безумоўна, з’яўляецца і сённяшняя наша сустрэча, якая дасць магчымасць не толькі абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, але і вызначыць стратэгічныя прыярытэты і канкрэтныя крокі ўзаемадзеяння нашых адміністрацый”, — падкрэсліў у сваім прывітальным выступленні Юрый Сянько.

Кіраўнікі ведамстваў абмеркавалі сітуацыю на беларуска-ўкраінскім участку мяжы, пытанні спрашчэння мытных фармальнасцей і пераходу на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, а таксама супрацоўніцтва па пытаннях арганізацыі барацьбы з парушэннем мытнага заканадаўства.

Таксама абмяркоўваліся перавагі для ўпаўнаважаных эканамічных аператараў і свабодныя эканамічныя зоны ў сувязі з уступленнем у сілу Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза.

belapan.by