Класік беларускай літаратуры Янка Купала ў Гайнаўцы



У Беларускім музеі адкрылася выстава прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння народнага беларускага паэта. Тут можна паглядзець між іншым ілюстраваныя працы з інфармацыяй пра ягонае жыццё і творчасць на беларускай, польскай і ангельскай мовах, ёсць таксама мастацкія ілюстрацыі да твораў.

«Экспанаты прысвечаныя паэту, прэзентаваныя ў Гайнаўцы ў рамках праекту «Янка Купала ў дыялогу культур»»,—  кажа супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Менску, Марыя Барткова:

— Праект прадстаўляе жыццё і творчасць першага народнага паэта Беларусі, а таксама распавядае, ў дадзеным выпадку, бо мы рыхтавалі яго для Польшчы, пра сувязі Янкі Купалы з польскай літаратурнай традыцыяй, на каторай ён гадаваўся. Галоўнай ідэяй выставы з’яўляецца радок са знакамітага верша Янкі Купалы «Я не паэта… Завуся я толькі — Янка Купала». Тут ёсць і сціпласць, але і ягоныя амбіцыі, бо ў пачатку беларускага адраджэння ён выбраў сабе псеўданім у гонар найбольшага беларускага свята — Купалля.

Падчас адкрыцця выставы гасцінна выступіў таксама народны фальклорны калектыў «Вербіца» з Менска. Выставу ў Беларускім музеі можна глядзець да канца сакавіка. Каардынатарамі праекта «Янка Купала ў дыялогу культур»  з’яўляюцца між іншым Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве ды Дзяржаўны літаратурны музея Янкі Купалы ў Менску.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара