Купальночка ў Залуках



Купальночку – старадаўняе славянскае свята – правялі ў Залуках, што на Падляшшы. Шматлікім гледачам прэзентаваліся мясцовыя калектывы і госці з Беларусі. Пасля змяркання ўдзельнікі перайшлі карагодам на раку Супрасль. Традыцыйна ўжо дзяўчаты пускалі вянкі, а хлопцы спрабавалі іх злавіць з вады. Як адзначыў дырэктар Гарадоцкага цэнтра культуры Юрка Астапчук, імпрэза ў Залуках цешыцца вялікаю папулярнасцю сярод мясцовых.

Хочам, каб гэта было штораз лепшае мерапрыемства і ўсе людзі, якія прыходзяць сюды, былі задаволеныя тым, што прыйшлі, што не згубілі часу, а добра пагулялі і доўга ўспаміналі.

– Маладыя дзяўчаты кідалі вянкі ў рэчку, а хлопцы прыгалі ў ваду і лавілі іх.

– Маладыя няхай шукаюць, кідаюць вянкі ў ваду, а хлопцы ловяць, каб знайсці сабе другую палавіну.

– Дзяўчаты пускалі вянкі, але былі зусім распранутыя. Раней так паўсюль было.

– Стараславянская справа: вянкі пускалі, вясна ў лета пераходзіла. Добрая справа. І мы тут усе свае людзі, любім прыехаць паслухаць.

Гаспадаром мерапрыемства быў мясцовы ансамбль „Каліна”. Выканаў ён гімн свята – “Купалінку”. Спявалі таксама „Мальвянкі” з Васількава, „Расспяваны Гарадок” ды госці з Беларусі – калектывы „Чобаты” і „Цвецень” з Валкавыска.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Залукі

Фота аўтара