Курсы „Мова Нанова” завіталі ў Беласток



Модныя курсы „Мова Нанова” завіталі ў Беласток з Варшавы. З ініцыятывай правесці адукацыйна-забаўляльныя заняткі ў Беластоку выступіў Фонд “Тутака”.

Як кажа яго старшыня Павел Стана Станкевіч, думка паўстала яшчэ раней, і выязныя заняткі сталі першай спробай такога мерапрыемства:

Ва ўсіх іншых гарадах, у якіх праходзілі курсы “Мова Нанова”, ці гэта было раней у Беларусі, ці цяпер Польшчы, курсы былі скіраваныя перадусім на беларусаў рускамоўных. А тут мы маем беларусаў рускамоўных, вядома ж, але таксама і польскамоўных. Яшчэ не ведаем, што з гэтага атрымаецца, але, напэўна, хочам стварыць такую агульную прастору.

Моўныя заняткі ў Беластоку прайшлі ў кавярні Лялечнага тэатра. Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек,  прадстаўнікоў беларускай дыяспары і беларускай меншасці. Вядоўцы курсаў, якія самі паходзяць з Ваўкавыску, ладзілі конкурсы, а на завяршэнне адбыўся невялікі канцэрт.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара