Лакальныя ініцыятывы ў трох падляшскіх гмінах атрымаюць фінансавую падтрымку



Лакальныя ініцыятывы ў трох падляшскіх гмінах атрымаюць фінансавую падтрымку са сродкаў Еўразвязу.

Пра гэта паведаміў маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі:

– Мы прызначылі 1 мільён злотых са сродкаў Еўрапейскага звяза на інвестыцыі ў гмінах Перляева, Малы Плоцк і Гайнаўка. Заяўкі датычылі розных інвестыцыйных праектаў з улікам спецыфікі і патрэб кожнай гміны: ад замены амаль 300 вулічных лямпаў, праз будаўніцтва цэнтра лакальнай актыўнасці і дзіцячай пляцоўкі, да Дома дзённага побыту для асоб старэйшага веку. Мы імкнёмся прыязна ставіцца да ўсіх лакальных ініцыятыў і памагаем ім як можам.

У прыватнасці, у гміне Гайнаўка вялікія змены чакаюць будынак старой вясковай святліцы ў Новаберазове. Пасля рамонту там паўстане Дом дзённага побыту, дзе асобы старэйшага веку, асабліва самотныя, змогуць праводзіць свой час і атрымаюць падтрымку. Агулам на гэты праект патрэбныя 874 тысячы злотых, з якіх 540 тысяч будуць вылучаныя з еўразвязаўскіх фондаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя