Латвія ўзмацніла ахову на мяжы з Беларуссю



Латвія ўзмацніла ахову на мяжы з Беларуссю пасля рэзкага росту нелегальнай міграцыі ў Літву. Пра гэта рускаму вяшчанню LTV7 паведаміў выканаўца абавязкаў намесніка начальніка Дзяржаўнай службы памежнай аховы краіны Андрэй Рагозін.

Паводле яго слоў, на мяжы з Латвіяй пакуль спакойна, але захады для выяўлення магчымых парушальнікаў ужо зробленыя.

„У супрацоўніцтве з еўрапейскім агенцтвам Frontex нашы літоўскія калегі і мы з Латвіі задзейнічалі дадатковыя рэсурсы для падтрымання кантролю на нашых агульных межах. З 1 ліпеня мы ўжо прымаем некалькіх афіцэраў з тэхнічнымі сродкамі з патрульнай аўтамашынай, якія будуць патруляваць знешнюю мяжу з Беларуссю. Такую ж падтрымку атрымаў і літоўскі бок”, — сказаў Рагозін.

Як паведамлялася, Літва 2 чэрвеня абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі ў сувязі з патокам нелегалаў з Беларусі. Такі рэжым палегчыць прававое забеспячэнне неабходных дзеянняў і каардынацыю намаганняў органаў улады, прыцягненне дадатковых сіл, у тым ліку выкарыстанне сродкаў дзяржрэзерву, адзначаецца ў паведамленні МУС Літвы.

Паводле дадзеных літоўскіх уладаў, з пачатку года затрымана больш за 800 чалавек, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі. Гэта ў 10 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год (81). У 2019 годзе было затрымана 46 нелегалаў, у 2018-м — 104, 2017-м — 72.

2 ліпеня шэсць супрацоўнікаў Еўрапейскай службы пагранічнай і берагавой аховы (Frontex) пачалі патруляваць мяжу Літвы з Беларуссю разам з літоўскімі памежнікамі. Прадстаўнікі пагранслужбы ЕЗ з Францыі, Венгрыі і Германіі пад кіраўніцтвам літоўскіх памежнікаў будуць ахоўваць участкі мяжы ў раёне населеных пунктаў Капчамесціс і Друскінінкай. У Дзяржаўнай пагранічнай службе Літвы паведамілі, што колькасць супрацоўнікаў Frontex на літоўска-беларускай мяжы ў сярэдзіне ліпеня дасягне 30.

belapan.by