Лаўроў не лічыць здзекам „парад” палонных украінскіх ваенных у Данецку



Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў не лічыць здзекам парад палонных украінскіх ваенных, які правялі 24 жніўня ў Данецку прарасейскія сепаратысты. Пра гэта ён заявіў  на брыфінгу ў Маскве.

Сяргей Лаўроў

„Што да зневажальнага стаўлення да ваеннапалонных, як вы выказаліся, гэта няхай разбіраюцца юрысты. Я бачыў карціну гэтага параду і не ўбачыў нічога такога, што хоць блізка б нагадвала здзек”, – сказаў міністр, адказваючы на пытанне журналіста.

Пры гэтым Лаўроў заявіў, што абыходжанне ўкраінскіх ваенных з мірнымі жыхарамі з’яўляецца ваенным злачынствам. Лаўроў адзначыў, што баіцца пачатку этнічных чыстак з боку ўкраінскіх сілавікоў у дачыненні да жыхароў паўднёвага ўсходу Украіны.

24 жніўня прарасейскія сепаратысты правялі „марш палонных” па цэнтры Данецка прыблізна 50 украінскіх ваенных у суправаджэнні ўзброенага канвою. Некалькі тысяч мясцовых жыхароў асвісталі калону палонных, кідалі ў яе яйкі і крычалі: „Фашысты”. За калонай рухаліся палівальныя машыны, якія мылі вуліцу па аналогіі з тым, як гэта рабілася пасля праходжання палонных нямецкіх салдат па Маскве ў 1944 годзе.