Летняя школа Руху „За Свабоду” праходзіць у Беластоку



VII Летняя школа Руху „За Свабоду” праходзіць у Беластоку.  На працягу тыдня актывісты з Беларусі праводзяць сустрэчы з падляшскімі чыноўнікамі і палітыкамі. Летняя школа праходзіць пад назвай „Блізкая ўлада”  і прысвячаецца тэме мясцовага самакіравання.

Менавіта Падляшша, этнічны беларускі рэгіён, самы цікавы для ўдзельнікаў, – адзначыў намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Кірыл Стаселька:

– Беласток гістарычна з’яўляецца беларускім горадам. І па сваёй культуры і складу мыслення мясцовых людзей вельмі падобны да Беларусі. Па сутнасці, гэта такі беларускі горад, які апынуўся ў еўрапейскіх умовах. І таму ёсць добрая магчымасць параўнаць і паглядзець, што можна адаптаваць, што можна ўзяць, каб яно было абсалютна даступна нашым людзям.

Школа арганізавана ў партнёрстве з „Беларускім Домам” у Варшаве. У гэтым годзе на ўдзел у школе быў адзін з самых вялікіх конкурсаў: 70 чалавек прэтэндавалі на 25 месцаў. Школа завершыцца 21 ліпеня.

Удзельнікі VII Летняя школа Руху „За Свабоду” наведалі таксама рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя дзе сустрэліся з яго кіраўніцтвам. Адбылася шчырая гутарка, падчас якой госці пачулі інфарацыю пра дзейнасць радыё, а таксама мелі магчымасць задаць свае пытанні.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя