Літва хоча праводзіць рэнтген-кантроль чыгуначных саставаў з Беларусі



Мытны дэпартамент Літвы падпісаў дамову аб усталяванні на чыгуначным КПП у Кене на мяжы з Беларуссю сістэмы рэнтгенаўскага кантролю саставаў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік ведамства Вітас Валунгявічус, паведамляе AFN.

„Кантракт на ўкараненне на чыгуначным кантрольна-прапускным пункце ў Кене рэнтгенаўскага абсталявання для дагляду цягнікоў заключаецца з філіялам кітайскай карпарацыі Nuctech у Варшаве. Пакуль дагавор падпісаны толькі літоўскім бокам”, – сказаў ён.

Кошт кантракту пакуль не называецца. 

Адзначаецца, што папярэдні кошт устаноўкі ў Кене рэнтгенаўскага абсталявання Nuctech складае каля 4 млн еўра. Чакаецца, што яно можа быць зманціравана і пачаць працаваць у другім квартале 2022 года.

Літоўская ўрадавая камісія, якая ацэньвае дагаворы, змест якіх можа паўплываць на інтарэсы нацыянальнай бяспекі, у жніўні бягучага года не выказала пярэчанняў па кантракце з кітайскай карпарацыяй, хоць у лютым Кабмін Літвы заблакаваў укараненне распрацаванай у Кітаі сістэмы рэнтгенаўскага кантролю багажу ў аэрапортах. Тады некаторыя літоўскія палітыкі сцвярджалі, што кітайскае абсталяванне здольна збіраць дадзеныя пра багаж авіяпасажыраў.

Фота: trans.ru